﻿ПСАЛЬМЫ.
5.
Кіраўніку хору: на флейтах. Псальм Давіда. 
Прыхілі вуха да словаў маіх, ГОСПАДЗЕ, зваж на ўздыханьне маё. 
Выслухай голас крыку майго, Валадару мой і Божа мой, бо я да Цябе малюся. 
ГОСПАДЗЕ, раніцаю пачуй голас мой; на досьвітку стану перад Табою і буду ўглядацца. 
Бо Ты — Бог, Якому недаспадобы няправасьць; злыдзень ня будзе жыць пры Табе! 
Тыя, што хваляцца сабою, ня будуць стаяць перад вачыма Тваімі, Ты ненавідзіш усіх злачынцаў. 
Ты зьнішчаеш хлусьлівых; крыважэрнымі і падступнымі брыдзіцца ГОСПАД. 
А я праз вялікую міласэрнасьць Тваю ўвайду ў Дом Твой, і ў страху Тваім пакланюся ў Сьвятыні сьвятасьці Тваёй. 
ГОСПАДЗЕ, вядзі мяне ў праведнасьці Тваёй; насупраць ворагам маім выпрастуй шлях Твой перад абліччам маім. 
Бо няма шчырасьці ў вуснах іхніх; нутро іхняе — распуста; горла іхняе — магіла адчыненая; языком сваім ашукваюць. 
Абвінаваць іх, Божа! Няхай загінуць яны ад намераў сваіх! За мноства правінаў іхніх адкінь Ты іх, бо яны збунтаваліся супраць Цябе. 
І няхай радуюцца ўсе, якія ў Табе маюць надзею; няхай весяляцца навекі, бо Ты іх бароніш; і няхай узрадуюцца ў Табе тыя, якія любяць імя Тваё. 
Бо Ты дабраслаўляеш праведнага, ГОСПАДЗЕ, і ўпадабаньнем Тваім, як шчытом, засланяеш яго. 
