﻿ПСАЛЬМЫ.
2.
Чаму бунтуюцца народы, і плямёны задумваюць марнае? 
Паўстаюць валадары зямлі, і князі сабраліся разам супраць ГОСПАДА і супраць Памазанца Ягонага: 
«Парвема кайданы іхнія і путы іхнія скіньма з сябе!» 
Той, Які жыве ў небе, будзе сьмяяцца, Госпад будзе кпіць з іх. 
І скажа да іх у гневе Сваім, і ў ярасьці Сваёй напужае іх: 
«Гэта Я паставіў Валадара Майго на Сыёне, гары Маёй сьвятой!» 
Я абвяшчу пастанову: «ГОСПАД сказаў да Мяне: “Ты — Сын Мой, Я сёньня нарадзіў Цябе! 
Зажадай ад Мяне, і дам Табе народы зямлі ў спадчыну, і межы зямныя — на ўласнасьць Табе. 
Кіем жалезным паб’еш іх, быццам начыньне глінянае скрышыш іх”». 
Дык цяпер, валадары, зразумейце, навучыцеся, судзьдзі зямлі! 
Служыце ГОСПАДУ са страхам і радуйцеся з дрыжаньнем. 
Ушануйце Сына, каб не разгневаўся і каб ня зьнішчыў шляху вашага, бо неўзабаве ўзгарыцца гнеў Ягоны! Шчасьлівыя ўсе, якія ў Ім маюць надзею. 
