﻿ЁЎ.
41.
Вось, спадзяваньне тваё фальшывае. На выгляд ягоны ты ўпадзеш. 
Няма сьмелых, каб будзіць яго. А хто тады можа стаць перад абліччам Маім? 
Хто стане перада Мною, і застанецца цэлым? Пад усім небам ён — Мой. 
Ня буду маўчаць пра часткі цела яго, пра сілу і прыгажосьць іхнюю. 
Хто можа адкрыць аблічча адзеньня ягонага, і хто падыйдзе да падвойных сківіцаў ягоных? 
Хто можа адкрыць браму аблічча ягонага? Навокал зубоў ягоных жах! 
Сьпіна ягоная — як моцныя шчыты, скрэпленыя краменнай пячаткай. 
Адзін з адным злучаныя, нават паветра праз іх ня пройдзе. 
Адзін да аднаго шчыльна прылягае, і трымаюцца моцна, і нельга разьдзяліць іх. 
Чханьне ягонае бліскае сьвятлом, а вочы ягоныя — як павекі зараніцы. 
З пашчы ягонай выходзіць полымя, выскокваюць іскры агністыя. 
З ноздраў ягоных выходзіць дым, як з гаршчка нагрэтага, што кіпіць. 
Подых ягоны распальвае вуглі, і з пашчы ягонай выходзіць полымя. 
У шыі ягонай начуе сіла, і перад ім жах уцякае. 
Мяса нутра ягонага сьціснутае, цьвёрдае, не здрыганецца. 
Сэрца ягонае цьвёрдае, як камень, цьвёрдае, як ніжні камень млынавы. 
Калі ён устае, дрыжаць асілкі, і хаваюцца ад жаху. 
Меч, які кранецца яго, не ўстаіць, ані дзіда, ані страла, ані рагаціна. 
Жалеза лічыць ён за салому, а медзь — за дрэва гнілое. 
Не палохае яго сын луку, і камень з пушчалкі яму як сена. 
Доўбня яму як сьцяблінка, і сьмяецца ён з дзіды, што ляціць. 
Пад ім вострыя камяні, і ён на вострых камянях ляжыць як у балоце. 
Ён глыбіню водаў разаграе як кацёл, і мора ператварае ў кіпень. 
За сабой пакідае сьветлую сьцежку, і бездань падаецца сівізною. 
Няма яму роўнага на зямлі, ён створаны бясстрашным. 
На ўсё магутнае ён глядзіць з вышыні, ён — валадар над усімі сынамі пыхлівасьці». 
