﻿ЁЎ.
36.
І працягваў Элігу, і сказаў: 
«Пачакай мяне трохі, і я пакажу табе, што маю яшчэ словы пра Бога. 
Пачну здалёк навучаньне маё, і Творцу майму аддам праведнасьць. 
Бо праўдзівыя і без падману словы мае, і з табою я дасканалы ў веданьні. 
Вось, Бог магутны і не адкідае нікога, Ён магутны моцай сэрца. 
Ён не дае жыць бязбожніку, але дае суд убогаму. 
Не адварочвае Ён ад праведных вачэй Сваіх, але саджае іх з валадарамі на пасадзе назаўжды, і яны ўзвышаюцца. 
І калі яны закаваныя ў кайданы і зьвязаныя путамі гора, 
Ён паказвае ім учынкі іхнія і злачынствы іхнія, што яны памножыліся. 
І Ён адкрывае вуха іхняе, каб навучыць іх, і гаворыць ім, каб адвярнуліся ад ліхоты. 
Калі паслухаюцца і будуць служыць Яму, яны пражывуць дні свае ў дабрабыце і гады свае — у прыемнасьці. 
А калі не паслухаюцца, тады загінуць ад дзіды і памруць з нястачы веданьня. 
Крывадушнікі склада­юць гнеў у сэрцы сваім і ня клічуць Бога, калі Ён закоўвае іх у кайданы. 
У марнасьці памірае душа іхняя і жыцьцё іхняе між распусьнікамі. 
Ён ратуе ўбогага з уціску ягонага і адкрывае вуха ягонае ў трывозе. 
Таксама цябе Ён выбавіць з цясноты на прастору, дзе няма ўціску, і будзе поўнае тлушчу ўсё на стале тваім. 
Але ты поўны меркаваньняў бязбожных, і чакаюць цябе суд і вырак. 
Няхай не зьвядзе цябе гнеў, і вялікі выкуп няхай ня скрывіць шляхоў тваіх. 
Ці ў няшчасьці крык твой дапаможа або намаганьні сілы тваёй? 
Не жадай тае ночы, калі народы паднімаюцца з месцаў сваіх. 
Сьцеражыся, каб не зьвярнуўся да злачынства, бо праз яго ты спазнаеш гора. 
Вось, Бог узьвялічаны ў моцы Сваёй. Які настаўнік падобны да Яго? 
Хто можа вызначыць шляхі Ягоныя? І хто можа сказаць Яму: “Ты ўчыніў зло”? 
Памятай, каб услаўляць учынкі Ягоныя, пра якія сьпяваюць людзі. 
Усе людзі бачаць гэта, кожны прыглядаецца здалёк. 
Вось, Бог вялікі і перавышае веданьне нашае; лік гадоў Ягоных — неаблічальны. 
Ён зьбірае кроплі вады, і падаюць яны дажджом з хмары Ягонай. 
Яны цякуць з хмараў і выліваюцца на многіх людзей. 
Хто можа разумець разьлегласьць аблокаў і грымоты намёту Ягонага? 
Вось, Ён расьцягнуў вакол Сябе сьвятло Сваё і закрывае глыбіні мора. 
Адтуль Ён судзіць народы, і шчодра корміць іх. 
У руках Сваіх Ён трымае маланку і загадвае ёй, куды цэліць. 
Грукат ейны паведамляе пра яе, нават статкі адчуваюць прыход яе. 
