﻿ЁЎ.
35.
І адказаў Элігу, і сказаў: 
«Што ты лічыш слушным, калі ты сказаў: “Праведнасьць мая большая, чым у Бога”? 
Бо ты сказаў: “Што за карысьць мне і што я атрымаю з гэтага, чым калі б я грашыў?” 
Я адкажу табе словамі, і сябрам тваім з табою. 
Паглядзі на неба і пабач; паглядзі на аблокі, яны вышэйшыя за цябе. 
Калі ты саграшыш, што зробіш ты Яму? І калі грахі твае памнажаюцца, чым ты зашкодзіш Яму? 
А калі будзеш праведны, што дасі Яму? Або што Ён атрымае з рукі тваёй? 
Чалавеку, падобнаму да цябе, ліхота твая шкодзіць, а праведнасьць твая патрэбна сыну чалавечаму. 
Ад мноства прыгнятальнікаў яны галосяць, з прычыны цяжкага рамяна моцных. 
Але ніхто ня кажа: “Дзе ж Бог, Які стварыў мяне, Які дае сьпевы ўначы, 
Які вучыць нас болей, чым жывёлаў зямных, і больш, чым птушак нябесных, робіць нас мудрымі?” 
Там яны лямантуюць, але Ён не адказвае ім з прычыны пыхлівасьці злачынцаў. 
Толькі марноты ня слухае Бог і ня бачыць Усемагутны. 
Хоць ты сказаў, што ня бачыш Яго, разгляд справы — перад абліччам Ягоным, і ты чакай на Яго. 
І цяпер, калі не палае гнеў Ягоны, Ён не зважае зашмат на нягоднасьць. 
Надарма Ёў адчыніў вусны свае і множыць прамовы бяздумныя». 
