﻿ЁЎ.
33.
Дык выслухай, Ёве, прамову маю і прыхілі вуха на ўсе словы мае. 
Вось, я адкрываю вусны свае, і язык мой гаворыць у вуснах маіх. 
Ад шчырага сэрца плывуць словы мае, і яснае веданьне кажуць вусны мае. 
Дух Божы ўчыніў мяне, і дыханьне Усемагутнага ажывіла мяне. 
Падрыхтуйся і стань перад абліччам маім, і прадстаў справу тваю. 
Вось, я, як вусны твае перад Богам, таксама я з гліны ўфармаваны. 
Вось страх перада мною няхай цябе не палохае, і рука мая няхай ня будзе цяжкаю над табою. 
Тое, што ты гаварыў — у вушах маіх, і я чуў голас словаў тваіх: 
“Чысты я, бяз грэху, беззаганны, і няма віны ў-ва мне. 
Але Бог знайшоў абвінавачваньне супраць мяне, і лічыць мяне ворагам Сваім. 
Ён закаваў у кайданы ногі мае, пільнуе ўсе сьцежкі мае”. 
Вось, у гэтым ты няправедны. Я адкажу табе, бо Бог большы за чалавека. 
Чаму ты спрачаешся з Ім, што Ён не адказвае табе ніводнага слова? 
Бог прамаўляе і адзін раз, і другі, а чалавек не зважае на гэта. 
У сьне і ў відзежы начным, калі моцны сон агартае людзей і ў дрымоце на ложку, 
адкрывае Ён вуха людзям, і палохае іх у зьявах, 
каб адвярнуць чалавека ад учынкаў ліхіх, і вызваліць яго ад пыхлівасьці, 
каб захаваць душу ягоную ад магілы, і жыцьцё ягонае, каб не загінула ад дзіды. 
Ён дакарае яго хваробаю на ложку ягоным і болем безупынным у костках ягоных. 
І жыцьцё ягонае брыдзіцца хлебам, і душа ягоная — страваю найлепшаю. 
Цела яго зьнікае на вачах, і косткі, звычайна ня бачныя, адкрываюцца. 
Набліжаецца душа ягоная да магілы, і жыцьцё ягонае — да памёршых. 
Калі пры ім анёл-абаронца, адзін з тысячы, які распавядзе чалавеку, у чым праведнасьць ягоная, 
тады зьлітуецца Бог над ім і скажа: “Выратуй яго, каб не ішоў ён у магілу, бо Я знайшоў выкуп за яго”. 
Тады цела ягонае стане, як у маладосьці, і вернецца ён у дні юнацтва свайго. 
Ён будзе маліць Бога, і Бог будзе спагадны яму, і ўбачыць аблічча ягонае радасным, і верне чалавеку праведнасьць ягоную. 
І ён паглядзіць на людзей і скажа: “Я грашыў і чыніў няправасьць, і не аднагароджана мне. 
Ён выкупіў душу маю, каб не трапіла ў магілу, і будзе бачыць сьвятло жыцьцё маё”. 
Вось, усё гэта робіць Бог два, і тры разы з чалавекам, 
каб адвесьці душу ягоную ад магілы, і прасьвятліць яго сьвятлом жывых. 
Уважай, Ёве, паслухай мяне, і памаўчы, і я прамоўлю. 
Калі маеш словы, адкажы мне. Прамоў, бо хачу, каб ты аказаўся праведным. 
Калі ж ня маеш, паслухай мяне. Маўчы, і я навучу цябе мудрасьці». 
