﻿ЁЎ.
32.
І перасталі тыя тры чалавекі адказваць Ёву, бо ён быў праведны ў вачах сваіх. 
І ўзгарэўся гневам Элігу, сын Барахеэля Бузяніна, з роду Рама. І запалаў ён гневам на Ёва, бо той лічыў душу сваю больш праведнай за Бога. 
І запалаў гнеў ягоны таксама на сяброў ягоных, што не знайшлі яны адказу яму, але толькі вінавацілі Ёва. 
І чакаў Элігу, калі Ёў гаварыў, бо яны былі старэйшымі за яго днямі. 
І ўбачыў Элігу, што тыя тры ня маюць адказу ў вуснах сваіх, і запалаў гнеў ягоны. 
І адказаў Элігу, сын Барахеэля Бузяніна, і сказаў: «Я — малодшы за вас днямі, а вы — старэйшыя, дзеля гэтага я вагаўся і баяўся выказваць вам думку сваю. 
Я казаў сабе: “Няхай многія дні гавораць, і няхай шматгадовы вучыць мудрасьці”. 
Але дух ёсьць у чалавеку і дыханьне Усемагутнага дае яму разуменьне. 
Не заўсёды шматгадовы — мудры, і ня толькі старыя разумеюць суд. 
Таму я кажу: “Паслухайце мяне, і я выкажу веданьне сваё”. 
Вось, чакаў я на словы вашыя, і настаўляў вуха на разумнасьць вашую, пакуль вы шукалі словаў, 
і намагаўся, каб мне зразумець вас. І вось, няма такога, хто аспрэчыць Ёва, і хто можа адказаць на словы ягоныя. 
Не кажыце: “Мы знайшлі мудрасьць. Няхай Бог пераможа яго, а не чалавек”. 
Ня супраць мяне словы Ёва, і не паводле словаў вашых адкажу яму. 
Яны спалохаліся, і не адказваюць болей, і ня маюць ужо словаў. 
Яшчэ пачакаў я, яны не гаварылі, стаялі і болей не адказвалі. 
Я таксама адкажу ў сваю чаргу, і выкажу думку маю. 
Бо я поўны словаў, і сьціскае дыханьне ў-ва мне дух мой. 
Таксама нутро маё, як віно закаркаванае, што разрывае новыя мяхі. 
Няхай я скажу і стане лягчэй крыху, адкрыю вусны мае і адкажу. 
Ня буду зьвяртаць увагі на асобу, і ня буду патураць чалавеку, 
бо ня ўмею лісьлівіць, іначай няхай адразу возьме мяне Творца мой. 
