﻿ЁЎ.
31.
Я заключыў запавет з вачамі маімі, каб не глядзець мне на дзяўчыну. 
Якая ж доля мая ў Бога на вышыні, і якая спадчына ад Усемагутнага на вышынях? 
Ці ж не загуба прызначана для ліхотніка, і няшчасьце — для злачынцы? 
Ці ж Ён ня бачыць шляхоў маіх і ня лічыць усе крокі мае? 
Ці ж хадзіў я ў марнасьці, і ці ж нага мая сьпяшалася да подступу? 
Няхай узважыць Ён мяне на вагах справядлівых, і няхай ведае Бог невінаватасьць маю. 
Калі зыходзіў крок мой са шляху, і пайшло за вокам маім сэрца маё, і запляміла рукі мае што нячыстае, 
няхай я пасею, а есьці будзе іншы, і нашчадкі мае будуць вырваныя з каранямі. 
Калі сэрца маё зьвяла жанчына, і калі цікаваў я пры дзьвярах бліжняга майго, 
няхай жонка мая меле для другога, і няхай іншыя прыхіляюцца да яе. 
Бо гэта брыдота, злачынства, што падлягае суду. 
Гэта агонь, які палае для Абадону, які выкараняе ўсю маёмасьць маю. 
Калі я адмовіў суду слузе майму і служцы маёй, калі яны спрачаліся са мною, 
што я буду рабіць, калі паўстане Бог? І калі Ён наведае мяне, што я адкажу Яму? 
Ці ж ня Той, Хто мяне ўфармаваў ва ўлоньні, уфармаваў і яго; і ва ўлоньні маці ўкш­талтаваў нас Адзіны? 
Ці ж адмовіў я ў просьбе ўбогім і ці засмуціў вочы ўдавы? 
Ці я адзін зьядаў кавалак свой, і ці ня еў яго сірата? 
Бо ад маленства гадаваў я яго, як бацька, і вёў яго ад улоньня маці. 
Калі я бачыў таго, што гіне без адзеньня, або бедака, што ня меў чым накрыцца, 
ці ж не дабраслаўлялі мяне сьцёгны ягоныя, калі грэла іх воўна авечак маіх? 
Калі я падымаў руку маю на сірату, калі бачыў у браме дапамогу сабе, 
няхай адпадзе рамяно ад сьпіны маёй, і няхай рука мая адломіцца ад локця. 
Бо страшнае мне было пакараньне Божае, перад веліччу Яго я не магу ўстаяць! 
Ці ў золаце я меў спадзяваньне? І ці золату чыстаму я казаў: “Надзея мая”? 
Ці цешыўся я дзеля мноства багацьцяў маіх, што рука мая столькі прыдбала? 
Калі я бачыў сонца, як яно зьзяе, або месяц, які ў яснасьці плыве, 
ці спакусіўся я таемна ў сэр­цы маім, і ці цалавалі вусны мае руку маю? 
Гэта было б злачынства, што падлягае суду, бо я адрокся б ад Бога на вышынях. 
Ці я цешыўся з падзеньня таго, хто ненавідзеў мяне, і ці радаваўся, што яго напаткала няшчасьце? 
Але я не даваў грашыць паднябеньню майму, каб праклінаць душу ягоную. 
Ці ж не гаварылі людзі намёту майго: “Хто ж не насыціўся мясам ягоным!” 
На двары не заставаўся прыхадзень, брама мая была адкрытая для падарожнікаў. 
Ці ўтойваў я грэх мой як іншы чалавек, і ці хаваў за пазухай правіну маю? 
Тады б я баяўся грамады вялікай, і пагарда бліжніх палохала б мяне, і маўчаў бы я, і не выходзіў за дзьверы. 
Хто мне дасьць таго, хто паслухае мяне? Вось подпіс мой. Няхай Усемагутны адкажа мне! Вось кніга, якую напісаў супраціўнік мой, 
каб я насіў яе на плячах маіх і налажыў яе сабе, як вянец. 
Я паведамлю яму лік крокаў маіх і пайду да яго, як да начальніка. 
Калі б жалілася на мяне зямля мая, і з ёй плакалі барозны ейныя, 
што плады ейныя я еў бяз срэбра, і што крыўдзіў душу ўласьніка яе, 
няхай замест пшаніцы родзіцца мне калючка, а замест ячменю — кукаль!» Скончыліся словы Ёва. 
