﻿ЁЎ.
30.
А цяпер сьмяюцца з мяне маладзейшыя за мяне днямі, бацькоў якіх я грэбаваў пакласьці разам з сабакамі пры авечках маіх. 
Бо сіла рук іхніх мне была не патрэбная. Поўня сілы іх мінула. 
З бяды і з голаду яны зьнемагліся, і жывіліся ў зямлі бясплоднай, зруйнаванай і спустошанай. 
Зьбіралі лебяду і хмызьнякі, і корань ядлоўца быў хлебам іхнім. 
Спасярод сябе іх выкідалі і крычалі на іх, як на злодзеяў. 
І жылі яны ў сухіх ярах, у ямах зямлі і ў скалах. 
Раўлі яны ў хмызьняках і зьбіраліся пад цернямі, 
сыны неразумных і сыны без імя, выгнаныя з зямлі. 
А цяпер стаўся я для іх насьмешкай і зрабіўся ім у прыказку. 
Яны брыдзяцца мяне і ўцякаюць далёка ад мяне, і не саромеюцца пляваць мне ў твар, 
бо Ён разьвязаў пояс мой, і ўдарыў мяне, і яны скінулі вузду з сябе перад абліччам маім. 
Праваруч паўстаюць падшыванцы і падстаўляюць нагу мне, і накіроўваюць на мяне сьцежкі загубы сваёй. 
Папсулі яны дарогі мае, карыстаюцца з пакутаў маіх, і ня трэба ім дапамога. 
Як праз вылом муру напалі яны на мяне, і спад руінаў выскокваюць. 
Жахі агарнулі мяне; як вецер зьнікла веліч мая, і збаўленьне маё, як хмара, праляцела. 
І цяпер выліваецца з мяне душа мая, і дні гора нахлынулі на мяне. 
Ноччу боль пранізвае косткі мае, і тыя, што ядуць мяне, ня сьпяць. 
Моцна прыстала да мяне адзеньне маё, і прыліпла сукня мая да мяне. 
Ён кінуў мяне ў балота, і я стаўся падобны да пылу і попелу. 
Я клічу Цябе, але Ты не адказваеш мне; стаю, але Ты не глядзіш на мяне. 
Ты стаўся бязьлітасным для мяне і з моцаю бічуеш мяне рукою Тваёй. 
Ты падняў мяне і пусьціў на вецер, і спустошыў мяне. 
Ведаю, што Ты на сьмерць вядзеш мяне, і ў дом, дзе зьбярэцца ўсё жывое. 
Хіба не працягвае рукі зруйнаваны? Ці не крычыць ён у няшчасьці сваім? 
Ці ня плакаў я над пакрыў­джаным? Ці душа мая не спагадала ўбогаму? 
Чакаў я дабра, а прыйшло ліха, і шукаў сьвятла, але прыйшла цемра. 
Нутро маё кіпіць і не змаўкае, нахлынулі на мяне дні гора майго. 
Хаджу я счарнелы, але не ад сонца, устаю ў грамадзе і крычу. 
Я стаўся братам для шакалаў і бліжнім для страусаў. 
Скура мая счарнела на мне, і косткі мае высахлі ад сьпякоты. 
Сталіся сумнымі гусьлі мае, і жалейка мая з плачам галосіць. 
