﻿ЁЎ.
29.
І працягваў Ёў прамову сваю, і сказаў: 
«Хто мне дасьць, каб я быў як у часы старадаўнія, у тыя дні, калі Бог захоўваў мяне, 
калі сьветач Ягоны сьвяціў над галавой маёй, калі ў сьвятле Ягоным хадзіў я ў цемры, 
калі яшчэ жыў у днях восені маёй, калі спагаднасьць Бога была ў намёце маім, 
калі Усемагутны быў са мною і вакол мяне — дзеці мае, 
калі сьцежкі мае купаліся ў масьле, і са скалы ручаём сьцякаў алей. 
Калі я выходзіў да брамы гораду, і на плошчы ставіў сядзеньне маё, 
убачыўшы мяне, юнакі хаваліся, а старыя ўставалі і стаялі, 
князі пераставалі гаварыць і клалі палец на вусны свае, 
начальнікі спынялі голас свой, і язык іхні прыліпаў да паднябеньня. 
Вуха, якое чула мяне, доб­ра гаварыла пра мяне, і вока, якое бачыла, сьведчыла пра мяне, 
бо я вызваляў гаротніка, які клікаў мяне, і сірату, і бездапаможнага. 
Дабраславенства таго, які гінуў, зыходзіла на мяне, і сэрца ўдавы я рабіў радасным. 
Я апранаўся ў праведнасьць, і быў апрануты; як плашч і карона быў суд мой. 
Вокам быў я для сьляпога, і нагой — для кульгавага. 
Бацькам быў для ўбогіх, і ў справе, якой ня ведаў, пільна разьбіраўся. 
Я разьдзіраў пашчу крыўдзіцелю і вырываў з зубоў ягоных нарабаванае. 
Я гаварыў у душы: “У гнязьдзе сваім я памру і, як пясок, памножу дні свае. 
Корань мой адкрыты для вады, і раса пакрывае галіны мае. 
Слава мая заўсёды аднаўляецца, і лук у руцэ маёй абнаўляе сілу”. 
Тыя, што слухалі мяне, чакалі, і маўчалі, чуючы параду маю. 
Да словаў маіх ня мелі нічога дадаць, і мова мая на іх сплывала. 
І чакалі мяне, як дажджу, і адкрывалі вусны свае, як на дождж вясновы. 
Калі ўсміхаўся я да іх, ня верылі, і сьвятла аблічча майго не адкідалі. 
Я выбіраў шлях да іх, і сядзеў на чале, і быў, як валадар у атачэньні войска; як той, хто пацяшае засмучаных. 
