﻿ЁЎ.
28.
Сапраўды, срэбра мае пачаткі жылаў, і ёсьць месца для золата, дзе яго ачышчаюць. 
Жалеза здабываецца з парахна, і з каменя топіцца медзь. 
Чалавек паставіў мяжу цемры, і дасьледуе ўсё да краю, і шукае камяні ў цемры і ценю сьмерці. 
Капаюць капальні там, дзе не хадзілі ногі, зыходзяць у глыбіню, вісяць і хістаюцца далёка ад людзей. 
Зямля, з якой хлеб вырастае, у глыбіні перавернута, як агнём. 
Камяні ейныя — месца шафіра, і пясок золата ў ёй. 
Драпежная птушка ня ведае сьцежкі туды, і ня бачыць яе вока арла. 
Не тапталі яе сыны пыхлівасьці, і не праходзіў па ёй леў. 
Выцягвае чалавек руку сваю на крэмень, і пераварочвае горы да падножжа. 
У скалах высякае каналы, і ўсё каштоўнае бачыць вока ягонае. 
І спыняе ён цячэньне рэк, і скарбы выдабывае на сьвятло. 
Але дзе знаходзіцца мудрасьць, і дзе месца розуму? 
Чалавек ня ведае туды дарогі і не знаходзіць яе на зямлі жывых. 
Бездань кажа: “Няма яе ў-ва мне”, і мора кажа: “Няма яе ў-ва мне”. 
Не даецца яна за золата і не здабываецца яна за вагу срэбра. 
Ня плаціцца за яе ані золатам Афіру, ані каштоўным оніксам або шафірам. 
Не раўняецца да яе золата і шкло, не замяніць яе на посуд залаты. 
Каралі і крышталь ня ўзгад­ваюцца пры ёй; цана мудрасьці — большая за пэрлы. 
Ня варты яе тапаз з Кушу, і золатам чыстым не ацэніш яе. 
Адкуль паходзіць мудрасьць, і дзе месца розуму? 
Схаваная яна ад вачэй усіх жывых, птушкам нябесным невядомая. 
Абадон і сьмерць кажуць: “Вушамі нашымі мы чулі пра славу яе”. 
Бог разумее шлях яе, і Ён ведае месца ейнае. 
Бо Ён разглядае краі зямлі, і бачыць усё, што пад небам. 
Калі даваў Ён сілу ветру і ўсталёўваў водам берагі, 
калі даваў закон дажджам, і шлях грымоту і маланцы, 
тады бачыў Ён яе, і выявіў, і ўмацаваў яе, і дасьледаваў яе. 
І сказаў Ён чалавеку: “Страх перад Госпадам — гэта мудрасьць; а пазьбягаць зла — розум”». 
