﻿ЁЎ.
27.
І працягваў Ёў прамову сваю, і сказаў: 
«На жыцьцё Бога, Які адкінуў суд мой, і на Усемагутнага, Які да горычы давёў душу маю, 
пакуль яшчэ трывае дыханьне ў-ва мне, і пакуль Дух Божы ў ноздрах маіх, 
ня скажуць вусны мае няпраўды, і язык мой ня будзе гаварыць хлусьні. 
Далёкі я ад таго, каб лічыць вас праведнымі. Пакуль не памру, не адступлюся ад нявіннасьці маёй. 
У праведнасьці маёй буду трымацца моцна і не адкіну яе, ня будзе дакараць сэрца маё дзён жыцьця майго. 
Няхай будзе як бязбожнік вораг мой, і той, хто паўстае супраць мяне — як злачынца. 
Якая надзея крывадушніка, калі ён будзе адсечаны, калі Бог забярэ душу ягоную. 
Ці выслухае Бог крык ягоны, калі прыйдзе да яго бяда? 
Ці зможа ён цешыцца Усемагутным і клікаць Бога ўвесь час? 
Я навучу вас пра руку Божую, нічога не схаваю пра Усемагутнага. 
Вось, вы ўсё гэта бачылі, дык навошта пустая гаворка? 
Такая вось доля чалавека ліхога і спадчына крыўдзіцеля, якую атрымаюць яны ад Усемагутнага. 
Калі памножацца сыны ягоныя, упадуць ад мяча, і нашчадкі ягоныя не насыцяцца хлебам. 
Хто застанецца ад іх, тых зьнішчыць зараза, і ўдовы ягоныя ня будуць плакаць. 
Калі назьбірае ён срэбра, як пяску, і нарыхтуе адзеньня, як гліны, 
ён, прыгатуе, але апранецца праведнік, і срэбра падзеліць нявінны. 
Пабудаваў ён, як павук, дом сабе, і як вартаўнік зрабіў сабе будан. 
Багатым кладзецца спаць, і такім не ўстае, расплюшчыць вочы свае — і няма нічога. 
Ахопяць яго жахі, як паводка, і ўначы схопіць яго бура. 
Падхопіць яго вецер усходні і панясе, і віхура адарве яго ад месца ягонага. 
Ён кіне яго і не пашкадуе, хоць будзе ўцякаць з рукі Ягонай. 
Будуць пляскаць над ім рукамі сваімі і засьвішчуць над ім на кожным месцы. 
