﻿ЁЎ.
26.
І адказаў Ёў, і сказаў: 
«Як ты дапамог кволаму, і як падтрымаў рамяно бясьсільнае! 
Якую ты даў параду нямудраму і выявіў цьвярозы розум для многіх! 
Каго ты навучыў словам сваім, і які дух выходзіць з цябе? 
Рэфаімы дрыжаць пад водамі, і тыя, што жывуць разам з імі. 
Адхлань адкрытая перад Ім, і няма заслоны для Абадону. 
Ён расьцягнуў поўнач над пусткаю і павесіў зямлю на нічым. 
Ён укладае воды ў аблокі Свае, і хмары ня рвуцца ад іх цяжару. 
Ён закрывае поўню месяца і расьцягнуў над ім хмару Сваю. 
Ён пазначыў мяжу на абліччы вады, аж да мяжы між сьвятлом і цемраю. 
Слупы нябесныя дрыжаць і баяцца гневу Ягонага. 
Магутнасьцю Сваёю Ён супакойвае мора, і мудрасьцю Сваёй Ён зьнішчыў Рагава. 
Дух Ягоны распагоджвае неба, і рука Ягоная нішчыць зьмея, які ўцякае. 
Вось такія канцы шляхоў Ягоных; і толькі слабыя словы мы чуем пра Яго. Хто можа зразумець грымоты велічы Ягонай?» 
