﻿ЁЎ.
24.
Чаму ня вызначаны час суду Усемагутнага, і тыя, што ведаюць Яго, ня бачаць дзён Ягоных? 
Бязбожнікі межы пераносяць, рабуюць статкі і пасьвяць іх, 
асла ў сіротаў адбіраюць, бяруць у заклад вала ў удавы, 
убогіх спіхваюць з дарогі, і ўсе прыгнечаныя зямлі змушаныя хавацца. 
Вось, як аслы ў пустыні, выходзяць небаракі на працу сваю, шукаючы хлеб для дзяцей у стэпе. 
Жнуць яны траву на полі і зьбіраюць вінаград у бязбожнага, 
начуюць голыя, без адзеньня, і ня маюць чым накрыцца ў холад, 
мокнуць у гарах ад дажджоў, і, ня маючы прытулку, туляцца да скалаў. 
Адрываюць сіротаў ад грудзей, і ад убогіх бяруць заклад. 
Голыя ходзяць яны, без адзеньня, і галодныя носяць снапы. 
У мурах выціскаюць алей, і ціснуць віно ў тоўчні, і смагнуць. 
У гарадах, паміраючы, стогнуць; душа калечаных крычыць, але Бог не зважае на зло. 
Яны бунтуюцца супраць сьвятла, і ня ведаюць шляхоў Ягоных, і не сядзяць на сьцежках Ягоных. 
На сьвітаньні ўстае забойца, забівае ён беднага і ўбогага, і ноччу ходзіць як злодзей. 
Вока чужаложніка чакае цемры, кажучы: “Ня ўбачыць мяне вока”, і хавае твар свой за заслонай. 
У поцемках падкопваюцца пад дамы, а днём замыкаюцца, і ня ведаюць яны сьвятла. 
Бо раніца для іх усіх — цень сьмерці; бо ведаюць яны жудасьці цемры. 
Лёгкі ён на абліччы вады, і праклятая доля ягоная на зямлі, і ня вернецца ён на шлях да вінаградніку. 
Суш і сьпякота высушылі воды сьнегавыя, і гэткая адхлань для тых, што саграшылі. 
Няхай забудзецца пра яго ўлоньне маці, і няхай смакуюць цела ягонае чэрві, няхай не застаецца памяці пра яго, але як дрэва няхай зломіцца беззаконьнік. 
Ён пасьвіцца з бясплоднай, якая не нараджала, і ўдаве ня робіць дабра. 
Ён здужвае сілай сваёю магутных, ён устае, і ніхто ня мае пэўнасьці ў жыцьці сваім. 
Бог дае яму месца бясьпекі, і ён на гэта абапёрся, але вочы Ягоныя — на шляхах іхніх. 
Падняліся яны трохі, і няма іх, і паніжаны, і прападаюць, і зрэзаныя яны як каласы. 
Калі гэта ня так, хто зможа мяне аспрэчыць і марнотай палічыць словы мае?» 
