﻿ЁЎ.
23.
І адказаў Ёў, і сказаў: 
«І сёньня з горыччу жальба мая, бо рука Ягоная цяжэйшая за стагнаньне маё. 
О, каб я ведаў, дзе знайсьці Яго, я пайшоў бы да месца жытла Ягонага! 
Я б прынёс перад аблічча Ягонае справу маю і напоўніў бы вусны мае нараканьнямі. 
І ведаў бы я словы, якімі Ён адкажа, і зразумеў бы, што Ён будзе казаць мне. 
Ці з вялікім запалам Ён будзе спрачацца са мною? Не! Ён толькі зьверне ўвагу на мяне! 
Там справядлівы прадставіць справу сваю перад Ім, і ад Судзьдзі майго выйду я вольным. 
Але вось, я іду на ўсход, і няма Яго, і іду на захад, і не знаходжу Яго. 
На поўначы шукаю Яго, і ня бачу, і паварочваю на поўдзень, і не заўважаю. 
А Ён ведае шлях мой, і няхай выспрабуе мяне, выйду я чысты, як золата. 
Нага мая трымалася сьлядоў Ягоных, я пільнаваў шляхі Ягоныя і не зыходзіў з іх. 
Ад загадаў вуснаў Ягоных не адступаюся, і захоўваю словы вуснаў Ягоных як пастанову. 
Ён адзін вырашае, і хто заверне Яго? І што захоча душа Ягоная, Ён зробіць. 
Бо Ён зробіць, што прызначыў пра мяне, і шмат такога ёсьць у Яго. 
Таму я дрыжу перад абліччам Ягоным, разважаю пра Яго, і ў страху вялікім перад Ім. 
Бог аслабіў сэрца маё, і Усемагутны настрашыў мяне. 
Бо не ад цемры я гіну, і аблічча маё не пакрытае змрокам. 
