﻿ЁЎ.
22.
І адказаў Эліфаз з Тэману, і сказаў: 
«Ці можа чалавек быць карысным Богу? Разумны ледзь самаму сабе можа быць карысным. 
Што за карысьць Усемагутнаму, калі ты праведны, або што Яму дасьць, калі шлях твой беззаганны? 
Ці ж за пабожнасьць тваю Ён карае цябе і ідзе на суд з табою? 
Ці ж не за ліхоту тваю і незьлічоныя злачынствы твае? 
Бо ты браў заклад ад братоў тваіх ні за што і з голых зьдзіраў адзеньне. 
Ты не даваў вады сасьмягламу, і галоднаму адмаўляўся даваць хлеба. 
Моцнаму чалавеку даваў ты зямлю, і заможны пасяляўся на ёй, 
а ўдоваў адсылаў ты з пустымі рукамі, і сіротаў абцяжарваў работамі. 
Дзеля таго акружаны ты пасткамі, і трывожыць цябе страх неспадзяваны, 
і ў цемры ты ня бачыш, і вада вялікая залівае цябе. 
Ці ж Бог не вышэйшы за неба? Паглядзі ўгару на зоркі, як яны высока! 
А ты кажаш: “Што ведае Бог? Ці праз імглу Ён можа судзіць? 
Хмары — заслона Яму, так што ня бачыць Ён і ходзіць па скляпеньні нябесным”. 
Ці ты будзеш трымацца сьцежкі старадаўняй, па якой хадзілі злачынцы, 
якія заўчасна былі зьнішчаныя, бо паводка падмыла падваліны іхнія? 
Яны казалі Богу: “Адыйдзіся ад нас! Што можа зрабіць нам Усемагутны?” 
А Ён багацьцем напоўніў дамы іхнія. Але няхай будзе далёкая ад мяне рада бязбожных. 
Праведнікі будуць бачыць гэта і цешыцца, і чалавек нявінны будзе сьмяяцца з іх: 
“Сапраўды вынішчаны супраціўнік наш, а багацьце іхняе спаліў агонь”. 
Дык пагадзіся з Ім, і мей супакой, і праз гэта прыйдзе да цябе добрае. 
Вазьмі з вуснаў Ягоных закон і палажы словы Ягоныя ў сэрцы тваім. 
Калі навернешся да Усемагутнага, адновішся і адкінеш злачыннасьць ад намёту твайго, 
калі ацэніш золата як парахно, а золата Афіру — як камень з ручая, 
тады Усемагутны будзе золатам тваім і бліскучым срэбрам для цябе. 
Тады захапляцца ты будзеш Усемагутным і падымеш да Бога аблічча тваё. 
Будзеш прасіць Яго, і Ён выслухае цябе, і ты споўніш абяцаньні твае. 
Што пастановіш, прыйдзе да цябе, і на шляхах тваіх будзе сьвяціць сьвятло. 
Бо Ён паніжае таго, хто пыхлівы, а хто схіляе вочы, той будзе збаўлены. 
Ён ратуе нават таго, хто не без віны, і будзе ён уратаваны дзеля чыстасьці рук сваіх». 
