﻿ЁЎ.
21.
І адказаў Ёў, і сказаў: 
«Паслухайце ўважліва словы мае, і няхай будуць яны на пацяшэньне вашае. 
Дазвольце, і я буду казаць, а пасьля словаў маіх сьмейцеся сабе. 
Ці ж я гавару супраць чалавека, і ці ж няслушна маю быць нецярплівы? 
Паглядзіце на мяне і аслупянейце, і ўдарце рукою ў вусны свае. 
Калі я ўзгадваю гэта, я палохаюся, і дрыжаньне калоціць цела маё. 
Чаму жывуць бязбожнікі, дажываюць да старасьці, і багацеюць? 
Насеньне іхняе моцнае ў іх, і ўнукі іхнія гадуюцца на вачах іхніх. 
Дамы ў іх забясьпечаныя ад страху, і няма кары Божай над імі. 
Бугай у іх заўсёды плодны і не зьнемагае, і карова целіцца, і не скідае цяляці. 
Дзеці іхнія, як статак, выходзяць, і малыя іхнія гуляюць вакол іх. 
Яны сьпяваюць пад бубны і гусьлі і весяляцца пры гуках жалейкі, 
і праводзяць у радасьці дні свае, і спакойна зыходзяць у адхлань. 
Яны кажуць Богу: “Адыйдзіся ад нас! Ня хочам ведаць шляхоў Тваіх. 
Хто такі Усемагутны, каб служыць Яму, і што Ён нам дапаможа, калі будзем маліць Яго?” 
Маюць яны ў руках сваіх дабрабыт, хоць думкі іхнія далёка ад Яго. 
Як часта тухне лямпа бязбожнікаў і нахлынае на іх загуба? Ці часта ў гневе Божым прыходзяць на іх пакуты? 
Ці яны падобныя да мякіны на ветры і да попелу гарачага, які вецер разносіць? 
Скажаш: “Бог захоўвае для дзяцей ягоных кару Сваю”. Няхай аднагародзіць Ён яму, каб ён ведаў. 
Няхай убачаць вочы ягоныя загубу яго, і няхай нап’ецца ён гневу Усемагутнага. 
Бо які будзе клопат яму пра дом ягоны, калі лік месяцаў ягоных спыніцца? 
Ці ж можа хто вучыць веданьню Бога? А Ён судзіць найвышэйшых. 
Адзін памірае ў сіле і здаровы, багаты і ў супакоі. 
Начыньні ягоныя поўныя малака, і косткі ягоныя напоўнены сьвежым шпікам. 
А іншы памірае ў горычы душы і ня цешыўся дабром. 
Аднак разам будуць яны спаць у парахне, і абодвух апануюць чэрві. 
Вось, я ведаю думкі вашыя і намеры вашыя, каб нашкодзіць. 
Бо вы кажаце: “Дзе дом шляхетнага, а дзе намёт бязбожніка?” 
Ці вы не пыталіся некага з падарожнікаў і словаў іхніх вы не зразумелі, 
што ліхотнік захаваны ў дзень загубы і збаўлены ў дзень гневу? 
Хто будзе дакараць яго за шляхі ягоныя? І за тое, што ён зрабіў, хто аднагародзіць яму? 
Яго прынясуць да магілы, і пра дамавіну ягоную задбаюць. 
Салодкімі яму будуць груды зямлі, бо за ім ідуць усе людзі, і перад ім — безьліч. 
Дык чаму ж вы надарма пацяшаеце, калі ў адказе вашым адзін падман?» 
