﻿ЁЎ.
20.
І адказаў Цафар з Наамы, і сказаў: 
«Вось, разважаньні мае прынукаюць адказваць, і неспакой у-ва мне. 
Упіканьне, якім мяне зьневажаў, я выслухаў, і дух розуму майго паказвае мне. 
Ці ня ведаеш ты, што ад пачатку, як нарадзіўся чалавек на зямлі, 
радасьць злачынцаў кароткая, і пацеха бязбожных на момант толькі. 
Калі пыха ягоная падымецца да неба, і галава ягоная дакранецца хмараў, 
як гной прападзе ён, і тыя, што бачылі яго, спытаюцца: “Дзе ён?” 
Як сон прамінае ён, і не знайсьці, пралятае, быццам марыва начное. 
Вока, якое бачыла яго, ужо ня ўбачыць яго, і месца ягонае ня ўбачыць яго болей. 
Сыны ягоныя прасіць будуць ласкі ва ўбогіх, і рукі ягоныя аддадуць маёмасьць сваю. 
Косткі ягоныя, поўныя сілы маладосьці, разам з ім будуць спаць у парахне. 
Калі салодкае ў вуснах ягоных зло, схаванае пад языком ягоным, 
і будзе ён шкадаваць яго, і ня кіне яго, але будзе трымаць у вуснах сваіх, 
тады хлеб у жываце ягоным пераменіцца ў жоўць зьмяіную. 
Багацьці, якія ён праглынуў, вырыгае, выцягне іх Бог з жывата ягонага. 
Праглыне ён атруту зьмяіную, і заб’е яго язык гадзюкі. 
Ня ўбачыць ён ручаёў алею, рэк, якія мёдам і малаком ацякаюць. 
І верне ён здабытак з чужой працы, і не праглыне яго, і ня будзе цешыцца з багацьцяў набытых. 
Бо ён крыўдзіў і не зважаў на ўбогіх, рабаваў дамы, якія не будаваў. 
Ніколі не наядаўся жывот ягоны, і ніколі ня мог ён дагадзіць прагавітасьці сваёй. 
Нічога не заставалася з-за абжорства ягонага, і таму не застанецца нічога з маёмасьці ягонай. 
Калі наесца, цесна яму будзе, і ўсякая бяда будзе нападаць на яго. 
Калі будзе напаўняць жывот свой, Бог спашле на яго ярасьць гневу Свайго, і вылье на яго кару Сваю. 
Будзе ён уцякаць ад зброі жалезнай, і патрапіць пад лук мядзяны. 
Страла паб’е цела ягонае і пячонку ягоную, і нахлынуць на яго рэчы страшныя. 
Цемра захаваная для яго, і будзе паліць яго агонь, які ніхто не разьдзьмухвае, і тое, што засталося ў намёце ягоным, будзе зьнішчана. 
Нябёсы аб’явяць бязбожнасьць ягоную, і зямля паўстане супраць яго. 
Будзе зьнішчаны ўраджай дому ягонага, і разальецца ў дзень гневу Божага. 
Такая доля перад Богам чалавека бязбожнага і спадчына, прызначаная для яго Богам». 
