﻿ЁЎ.
18.
І адказаў Більдад з Шуаху, і сказаў: 
«Калі пакінеце вы кідаць прамовы? Перш зразумейце, а потым будзем гаварыць. 
Чаму ты нас лічыш за жывёлу, і мы нячыстыя ў вачах тваіх? 
Што ты губіш душу тваю ў гневе тваім? Ці ж дзеля цябе апусьцее зямля, і з месца свайго зварухнецца скала? 
Бо сьвятло бязбожніка патухне, і не застанецца зьнічкі ад агню ягонага. 
Пацямнее сьвятло ў намёце ягоным, і сьветач, які ў ім, патухне. 
Звузяцца крокі моцы ягонай, намер ягоны здрадзіць яго. 
Ублуталіся ў сетку ногі ягоныя, і ходзіць ён паміж пастак. 
Пятля зловіць нагу ягоную, і пастка сашчэпіцца над ім. 
Схаваны на зямлі пасткі для яго, і сіло чакае яго на дарозе. 
Палохаюць яго жахі і аблут­ваюць ногі ягоныя. 
Зьнікае ад голаду дужасьць ягоная, і загуба падрыхтаваная рэбрам ягоным. 
Хвароба зьесьць скуру ягоную, і зжарэ часткі цела ягонага першародны сьмерці. 
Зьнікне надзея ягоная з намёту яго, і пагоняць яго да валадара жахаў. 
Будзе ён жыць у намёце, але не ў сваім, і жытло ягонае будзе пасыпана серкаю. 
Зьнізу падсечаны карані ягоныя, а зьверху вянуць галінкі ягоныя. 
Памяць пра яго зьнікне з зямлі, і ня будзе слаўлена імя ягонае на плошчах. 
Прагоняць яго са сьвятла ў цемру, і ўвесь сьвет будзе гнаць яго. 
Ня будзе ані сына, ані ўнука ў народзе ягоным, і нікога не застанецца ў месцы вандраваньня ягонага. 
У дзень ягоны аслупянеюць нашчадкі, і сучаснікаў ахопіць жудасьць. 
Такое вось жытло грэшніка, і такое месца таго, хто ня ведае Бога». 
