﻿ЁЎ.
17.
Дух мой зламаны, дні мае спыняюцца, застаецца мне толькі магіла. 
Насьмешкі навокал мяне, і ў горычы чэзьне вока маё. 
Ты Сам дай заклад за мяне, бо хто ж паручыцца за мяне, удараючы руку маю? 
Бо Ты закрыў сэрца іхняе на разуменьне, дзеля таго яны не ўзьнімуцца. 
Хто бліжніх сваіх ро­біць здабычай, у сыноў ягоных вочы сьцямнеюць. 
Ён паставіў мяне ў прымаўку народу, і ў твар плююць мне. 
Сасьлепла ад горычы вока маё, і члены цела майго сталіся нібы цень. 
Праведнікі аслупянелі, бачачы гэтае, і нявінны злуецца на бязбожніка. 
Аднак праведнік будзе трымацца шляху свайго, і чысты дадасьць моцы рукам сваім. 
Дык апамятайцеся ўсе вы, і прыходзьце, але я не знаходжу між вамі нікога разумнага. 
Дні мае прамінулі, пагубіліся думкі мае, летуценьні сэрца майго. 
А яны ноч замяняюць на дзень, і да цемры сьвятло набліжаюць. 
Ці магу спадзявацца, што адхлань будзе домам маім і ў цемры я пасьцялю ложак сабе? 
Кажу дамавіне: “Ты — бацька мой!” А чарвякам: “Маці мая і сястра мая”. 
Дык дзе ж тады надзея мая? І хто можа бачыць надзею маю? 
У брамы адхлані зыйдзе яна, і разам са мною ў парахне супачыне». 
