﻿ЁЎ.
13.
Усё гэта бачыла вока маё, і чула вуха маё, і ўсё зразумела. 
Тое, што вам вядома, і я ведаю, і я ня горшы ад вас. 
Я хачу гаварыць з Усемагутным і прагну Богу прадставіць справу маю. 
Бо вы задумалі няпраўду, вы — лекары, нічога ня вартыя. 
Калі б вы маўчалі, вы зьявілі б гэтым мудрасьць! 
Паслухайце скаргу маю і зважце на адказ вуснаў маіх. 
Ці належала вам дзеля Бога казаць няпраўду і дзеля Яго гаварыць хлусьліва? 
Ці належала вам быць крывадушнымі дзеля Яго, і за Бога на судзе спрачацца? 
Ці добра будзе, калі Ён вас будзе выспрабоўваць? Ці зможаце з Яго насьміхацца, як насьміхаюцца з чалавека? 
Ён, караючы, пакарае вас, калі будзеце патаемна зважаць на аблічча. 
Няўжо веліч Ягоная не палохае вас, і страх Ягоны не агартае вас? 
Напаміны вашыя — гэта словы з попелу, а вежы вашыя — вежы гліняныя. 
Памаўчыце крыху, а я буду гаварыць, і няхай што заўгодна прыйдзе на мяне. 
Навошта мне кусаць цела маё зубамі маімі і душу маю трымаць рукамі маімі. 
Хоць бы і забіў мяне Бог, буду мець у Ім надзею і буду абараняць шляхі мае перад абліччам Ягоным. 
У гэтым будзе збаўленьне маё, бо ніводзін бязбожнік ня прыйдзе перад аблічча Ягонае. 
Слухайце ўважліва словы мае, і няхай будзе ў вушах вашых тлумачэньне маё. 
Бо я пачаў суд, і ведаю, што буду апраўданы. 
Хто будзе судзіцца са мной? Тады я змоўкну, і гатовы памерці. 
Дзьвюх толькі рэчаў не рабі са мною, і тады я ня буду хавацца ад аблічча Твайго: 
аддалі руку Тваю ад мяне, і жах Твой няхай не палохае мяне. 
Пакліч мяне, і я адкажу Табе, або я буду гаварыць, а Ты адкажы мне. 
Якія грахі і правіны я маю? Пакажы мне грэх мой і правіны мае. 
Чаму Ты хаваеш аблічча Тваё і лічыш мяне за ворага для Цябе? 
Ці Ты пужаеш лісток, які ветрам сарваны, і гонішся за сухой саломай? 
Бо Ты пішаш пра мяне прыкрасьці і прыгадваеш мне грахі маладосьці маёй. 
Ты замыкаеш у калоду ногі мае, і пільна назіраеш сьцежкі мае, і дасьледуеш усе сьляды мае. 
І я марнею, як спарахнелае дрэва і як адзеньне, якое моль патачыла. 
