﻿ЁЎ.
12.
І адказаў Ёў, і сказаў: 
«Сапраўды, вы — толькі людзі, і з вамі памрэ мудрасьць вашая. 
І я маю розум, як вы, і нічым я ад вас ня горшы. І хто ня ведае пра гэта? 
Насьмешкай я стаўся для сяброў маіх, што я клічу Бога, каб Ён выслухаў мяне. Сьмешная праведнасьць нявіннага чалавека. 
Пагарджаюць няшчасьцем тыя, што жывуць у супакоі, яны гатовыя папхнуць таго, у каго ногі хістаюцца. 
Спакойныя намёты рабаўнікоў, і бясьпечныя тыя, што гнявяць Бога, іх быццам Бог вядзе за руку. 
Запытайся жывёлу, і тая навучыць цябе, і птушак нябесных, і яны скажуць табе. 
Запытайся зямлі, і яна патлумачыць табе, і раскажуць табе рыбы марскія. 
Хто з іх усіх ня ведае, што рука ГОСПАДА ўчыніла ўсё гэта? 
У руцэ Ягонай душа ўсяго жывога, і дух усякага цела чалавечага Ён трымае. 
Ці ж ня вуха разумее словы, і ці ж не паднябеньне пазнае смак ежы? 
Старыя маюць мудрасьць, а хто жыве доўга — разуменьне. 
У Бога — мудрасьць і сіла, Ён мае раду і разуменьне. 
Вось, Ён зруйнуе, і ніхто не адбудуе, Ён увязьніць чалавека, і нельга вызваліць. 
Вось, Ён спыняе воды, і яны высыхаюць, а калі Ён пусьціць іх, яны зямлю спустошаць. 
У Яго — моц і цьвярозы розум, Ён ведае падманутага і ашуканца. 
Ён робіць босымі дарадцаў і ў судзьдзяў адбірае разум. 
Ён разьвязвае ярмо валадароў і вяроўкай абвязвае сьцёгны іхнія. 
Ён робіць босымі сьвятароў і магнатаў скідае. 
Ён закрывае вусны верных і старых пазбаўляе раз­важ­лі­васьці. 
Ён вылівае пагарду на шляхетных, аслабляе пояс адважных. 
Ён выяўляе тое, што схаванае ў цемры, і ўсё цёмнае асьвятляе. 
Ён народ узьвялічвае і нішчыць, пашырае народы і губіць. 
Ён забірае розум у начальнікаў народаў зямлі, і дае ім блукаць па пустых бездарожжах. 
Яны ходзяць навобмацак у цемры, і сьвятла ня маюць, і хістаюцца яны, як п’яныя. 
