﻿ЁЎ.
9.
І адказаў Ёў, і сказаў: 
«Сапраўды, ведаю, што так ёсьць, але як апраўдаецца чалавек перад Богам? 
Калі хто захоча спрачацца з Ім, Ён не адкажа яму нават на адно пытаньне з тысячы. 
Ён — мудры розумам і магутны сілаю. Хто супрацівіцца Яму і застанецца цэлым? 
Ён пераносіць горы, і ня ведаюць яны, што Ён пераварочвае іх у гневе Сваім. 
Ён зрушвае зямлю з месца ейнага, і падваліны яе трасуцца. 
Ён загадвае сонцу, і тое не ўзыходзіць, і на зоркі накладае пячатку. 
Ён Сам расьцягвае нябёсы і крочыць па хвалях марскіх. 
Ён стварыў Воз, Касцоў, Стажар’е і зоркі паўднёвая. 
Ён творыць вялікія і недасьледныя рэчы і цуды, якіх ніхто палічыць ня можа. 
Калі Ён прыйдзе да мяне, я ня ўбачу Яго, а калі Ён адыйдзе, не заўважу. 
Калі Ён раптам схопіць, хто Яму перашкодзіць? Або хто зможа сказаць: “Што Ты робіш?” 
Бог ня стрымлівае гневу Свайго, перад ім схіляюцца служкі Рагава. 
Дык хто я такі, каб адказ­ваць Яму і гаварыць з Ім падабранымі словамі? 
Хоць бы я быў праведны, ня буду адказваць, буду толькі маліць Судзьдзю свайго. 
Калі буду клікаць, і Ён адкажа, не паверу, што Ён выслухаў голас мой. 
Ён можа зьнішчыць ураганам мяне, і павялічыць раны мае без прычыны. 
Ён ня дасьць супакою душы маёй, і напоўніць мяне бядотамі. 
Што да сілы, дык Ён мацнейшы, што да суду, дык хто зможа Яго вінаваціць? 
Калі б я хацеў сябе апраўдаць, вусны мае асудзяць мяне. І калі б я выявіўся нявінным, Ён прызнае мяне вінаватым. 
Калі б я быў невінаваты, гэтага ня хоча ведаць душа мая, і я асуджу жыцьцё сваё. 
Усё адно, кажу я, і невінаватага, і грэшнага Ён зьнішчыць разам. 
Калі раптоўна некага біч сьмерці забівае, з бяды нявінных Ён насьміхаецца. 
Зямля аддадзена ў рукі бязбожных, аблічча судзьдзяў яе Ён закрывае. Калі ня Ён гэта, дык хто? 
Дні мае хутчэйшыя за бегуна, уцяклі і ня бачылі дабра, 
праляцелі, як чаўны з чароту, і як арол, які імкне за здабычай. 
Калі я скажу: “Забудуся пра смутак свой, зьмяню аблічча сваё і стану я вясёлы” 
дык дрыжу дзеля ўсіх пакутаў маіх, ведаючы, што Ты не апраўдаеш мяне. 
Калі я такі грэшны, навошта дарма мучуся? 
Калі б я памыўся ў вадзе са сьнегу і лугам абмыў рукі свае, 
і тады Ты ўвапхнеш мяне ў балота, і будзе брыдзіцца мною адзеньне маё. 
Бо Ён — не чалавек, падобны да мяне, каб я мог адказаць Яму. Ён — не чалавек, з якім мне разам ісьці на суд. 
Няма між намі пасярэдніка, які паклаў бы руку на абодвух. 
Няхай Ён забярэ ад мяне біч Свой, і страх Ягоны няхай не палохае мяне. 
І тады я буду гаварыць, і ня буду баяцца Яго, бо так я ня маю адвагі. 
