﻿ЁЎ.
8.
І адказаў Більдад з Шуаху, і сказаў: 
«Як доўга ты будзеш так гаварыць? Словы вуснаў тваіх — як вецер гвалтоўны. 
Ці ж Бог перакручвае суд? Ці Усемагутны перакручвае праведнасьць? 
Калі сыны твае саграшылі супраць Яго, дык Ён аддаў іх у рукі злачыннасьці іхняй. 
Аднак, калі ты на сьвітаньні зьвернешся да Бога і будзеш маліць Усемагутнага, 
і калі будзеш чысты і праведны, Ён сустрэне цябе і дасьць табе супакой паводле праведнасьці тваёй. 
І хоць былі малыя пачаткі твае, канец твой будзе вельмі вялікі. 
Распытай пакаленьні даўнейшыя і зваж на досьвед бацькоў тваіх, 
бо мы — учора нарадзіліся і мала ведаем, бо дні нашыя на зямлі — быццам цень. 
А яны навучаць цябе, і скажуць табе, і ад сэрца свайго скажуць слова табе. 
Ці ж можа расьці трысьнёг бяз вільгаці, або чарот без вады? 
Ён яшчэ квітнее і не сарваныя рукой кветкі ягоныя, але ён сохне раней за ўсю траву. 
Такі шлях усіх, якія забываюцца пра Бога, і надзея бязбожнага загіне. 
Надзея яго ценькая, як нітка, пэўнасьць ягоная — як павуціньне. 
Абапрэцца ён на дом свой, але той не ўстаіць, схопіцца за яго, але ён не ўтрымаецца. 
Зелянее ён на сонцы і выпускае галінкі свае, 
і ў купу камянёў запускаюцца карані ягоныя, і паміж камянёў ён вырас. 
А калі вырвуць яго з месца ягонага, адрачэцца яно ад яго: “Ня ведаю я цябе”. 
Такая вось радасьць шляху ягонага, а з пылу вырастаюць іншыя. 
Бог не адкіне нявіннага і ня дасьць рукі ліхотнікам. 
Ён напоўніць вусны твае сьмехам, і губы твае — радасным ускліканьнем. 
Тыя, што ненавідзяць цябе, асаромяцца, і не ўстаіць намёт бязбожных». 
