﻿ЁЎ.
5.
Дык крычы, калі ёсьць той, хто адкажа табе? Да каго са сьвятых ты зьвернешся? 
Бо неразумнага забівае гняўлівасьць, а дурнога губіць зайздрасьць. 
Я бачыў, як дурны разжываецца, але ў момант спарахнеў дом ягоны. 
Сыны ягоныя без ратунку, іх топчуць у браме, і няма каму ратаваць іх. 
Ураджай ягоны зьесьць галодны, і з-за агароджы схопіць, і прагны праглыне багацьце ягонае. 
Ня з пылу бярэцца няшчасьце, і не з зямлі расьце гора. 
Але чалавек нараджаецца на пакуты, як зьнічкі — каб падымацца ўгору. 
Таму я буду прасіць Бога, і да Бога ўзьнясу справу маю. 
Ён творыць рэчы недасьледныя і вялікія, і цуды незьлічоныя. 
Ён дае дождж на аблічча зямлі і поіць палеткі вадою. 
Ён падымае прыніжаных высока, і тых, што смуткуюць, суцяшае збаўленьнем. 
Ён разьбівае намеры ліхотнікаў, каб не змаглі рукі іхнія выканаць тое, што задумалі. 
Ён ловіць хітрых у глупоце іхняй, і змову крывадушнікаў робіць марнай. 
Удзень падаюць у цемру, і быццам уначы, навобмацак ідуць апоўдні. 
Ён ратуе беднага ад мяча, і бедака — ад рукі нахабніка. 
І ёсьць надзея для ўбогага, а крыўда зачыняе вусны свае. 
Шчасьлівы чалавек, якога дакарае Бог; таму навучаньнем Усемагутнага не пагарджай. 
Ён раніць, і Ён лечыць, Ён ударае і аздараўляе Сам рукамі Сваімі. 
Ад шасьці бедаў збавіць цябе, і ў сёмы раз не кране няшчасьце цябе. 
У голад Ён захавае цябе ад сьмерці, і ў час вайны ад мяча ўратуе. 
Усьцеражэшся ты ад языка кусьлівага і ня будзеш баяцца спусташэньня, калі яно прыйдзе. 
У час спусташэньня і голаду будзеш ты сьмяяцца і ня будзеш баяцца зьвяроў палявых. 
З камянямі палявымі дамова твая, і зьвяры дзікія будуць прыязныя табе. 
І ты даведаешся, што намёт твой у супакоі, і, наведваючы жытло тваё, ня знойдзеш нястачы. 
І ты ўбачыш, што насеньне тваё шматлікае і нашчадкі твае — быццам трава на зямлі. 
І ўвойдзеш у магілу ў гадах сьпелых, як кладзецца сноп пшаніцы ў час свой. 
Як мы дасьледавалі гэта, так і ёсьць. Паслухай гэта, і сам зразумееш». 
