﻿ЁЎ.
4.
І адказаў Эліфаз з Тэману, і сказаў: 
«Калі мы пачалі з табою размову, можа і прыкра табе гэта, але пачатую размову хто ж можа спыніць? 
Вось, ты павучаў многіх і рукі самлелыя ўмацоўваў. 
Словы твае ўмацоўвалі кволых і каленям дрыготкім надавалі сілы. 
Цяпер кранула цябе цярпеньне вялікае, і ты аслабеў, кранула цябе яно, і ты ўстрывожыўся. 
Ці ж страх твой перад Богам ня быў надзеяй тваёй, і дасканаласьць шляхоў тваіх ці ж не была спадзяваньнем тваім? 
Прыгадай, ці загінуў хто нявінны, або ці былі зьнішчаны справядлівыя? 
Часьцей бачыў я зьніш­чэньне тых, што дапускаюцца злачынства і няпраўды, і самі яны зьбіраюць плады рук сваіх. 
Ад гневу Божага яны гі­нуць, і ад полымя гневу Ягонага зьнікаюць. 
Рыканьне ільва і голас ільвіцы сьціхае, зубы львянятаў крышацца. 
Леў гіне з нястачы здабычы, малыя львяняткі разьбягаюцца. 
І дайшло да мяне слова таемнае, і прыняло вуха маё шэпт ягоны. 
У жаху відзежу начнога, калі звычайна людзей сон агартае, 
ахапіў мяне страх і дрыжаньне, так што ўсе косткі мае трэсьліся. 
Калі дух прайшоў перада мною, дыбарам сталі валасы на целе маім. 
І стаў нехта, але я не пазнаў вобліку ягонага, постаць стала перад вачыма маімі, і пачуў я голас нібы лёгкага ветру: 
“Ці чалавек больш праведны за Бога, або ці можа ён быць чысьцейшы за Творцу свайго? 
Ён слугам Сваім не дае веры, і ў анёлах Сваіх знахо­дзіць правіннасьць. 
Тым больш у тых, што жывуць у хатах гліняных, падмурак якіх — пясок, і нішчэюць яны, быццам моль. 
Ад раніцы да вечара счэзнуць; ніхто імі не пацікавіцца, і прападуць вечна. 
І ўсё астатняе будзе аднята ў іх, і памруць яны, бо ня ма­юць розуму”. 
