﻿ЁЎ.
3.
Пасьля гэтага Ёў расчыніў вусны свае і наракаў на дзень свой. 
І адказаў Ёў, і сказаў: 
«Няхай прападзе дзень, у які я нарадзіўся, і ноч, у якую было сказана: “Зачаты хлопец”. 
Няхай дзень той пераменіцца ў цемру; няхай ня рупіцца пра яго Бог з вышыні, і няхай ня будзе ён асьветлены сьвятлом. 
Няхай зацемняць яго цемра і цень сьмерці, няхай схавае яго змрок, і няхай напоўніцца ён хмарамі. 
Няхай ноч тую агарне цемра, няхай ня будзе яна ўлічана ў днях году, і няхай ня ўзгадваецца ў ліку месяцаў. 
Няхай тая ноч будзе бясплодная, і няхай радасьць да яе не завітае. 
Няхай праклінаюць яе тыя, што дзень праклінаюць, што гатовыя абудзіць Левіятана. 
Няхай сьцямнеюць зоркі сьвітаньня ейнага, каб чакала сьвятла і не дачакалася, і няхай ня ўбачыць яна зараніцы новага дня, 
бо яна не зачыніла ўлоньня, якое нарадзіла мяне, і не ўхіліла гора з вачэй маіх. 
Чаму яшчэ ненароджаным, я не памёр? Чаму народжаны, не памёр раптам? 
Навошта я быў прыняты каленямі? І навошта быў кормлены грудзьмі? 
І цяпер спаў бы я моўчкі, і адпачываў бы ў-ва сьне сваім 
з валадарамі і радцамі зямлі, якія пабудавалі сабе дамы магілы, 
і з князямі, якія багатыя золатам і якія срэбрам вылажылі дамы свае. 
І як спарон схаваны быў бы я, або як немаўля, што ня бачыла сьвятла. 
Там злачынцы больш не шалеюць, а змораныя працай там адпачываюць. 
Там усе вязьні жывуць бяз страху і ня чуюць крыку вартаўніка. 
Там разам малы і вялікі, і слуга вольны ад пана свайго. 
Навошта беднаму даецца сьвятло, і жыцьцё тым, што жывуць з горыччу душы, 
якія чакаюць сьмерці і не дачакаюцца, і шукаюць яе больш, чым скарб, 
і вельмі радуюцца і цешацца, калі знойдуць. 
Якая радасьць чалавеку, перад якім шлях закрыты і якога Бог атачае цемраю? 
Уздыханьні мае апярэджваюць хлеб мой, і скаргі мае ільюцца як вада. 
Бо страх, якога я баяўся, прыйшоў да мяне, і тое, перад чым я дрыжэў, напаткала мяне. 
Не супакойваўся я, не маўчаў і не адпачываў, але прыйшло да мяне няшчасьце». 
