﻿ЭСТЭР.
6.
У тую ноч адыйшоў сон ад валадара, і ён сказаў, каб прынесьлі кнігу летапісу для памяці, і чыталі яе перад валадаром. 
І знайшлі запісанае пра тое, што паведаміў Мардэхай пра Бігтану і Тэрэша, двух эўнухаў валадара, якія вартавалі парогі і якія намагаліся выцягнуць руку на валадара Ахашвэроша. 
І сказаў валадар: «Якое ўшанаваньне і ўзьвялічваньне былі зроблены Мардэхаю за гэта?» І сказалі юнакі валадара, якія служылі яму: «Ня зроблена яму анічога». 
І сказаў валадар: «Хто на панадворку?» А Аман прыйшоў на вонкавы панадворак дому валадара сказаць валадару, каб павесілі Мардэхая на дрэве, якое ён падрыхтаваў для яго. 
І сказалі юнакі валадара яму: «Вось, Аман стаіць на панадворку». І сказаў валадар: «Няхай ён увойдзе». 
І ўвайшоў Аман. І сказаў яму валадар: «Што зрабіць таму чалавеку, якога валадар хоча ўшанаваць?» І сказаў Аман у сэрцы сваім: «Каму жадае валадар зрабіць ушанаваньне больш, чым мне?» 
І сказаў Аман валадару: «Чалавеку, якога валадар хоча ўшанаваць, 
няхай прынясуць шату валадарскую, у якую апранаецца валадар, і прывядуць каня, на якім езьдзіць верхам валадар, і ўзложаць карону валадарства на галаву ягоную. 
І няхай дадуць шаты і каня ў рукі аднаго з найзначнейшых князёў валадара, і апрануць таго чалавека, якога валадар хоча ўшанаваць, і павядуць яго на кані на гарадзкую плошчу, і будуць клікаць перад ім: “Гэтак робіцца таму чалавеку, якога валадар хоча ўшанаваць!”» 
І сказаў валадар Аману: «Пасьпяшайся, вазьмі шату і каня, як ты сказаў, і зрабі гэта Мардэхаю Юдэю, які сядзіць пры браме валадарскай. Не абміні анічога з таго, што ты сказаў». 
І ўзяў Аман шату і каня, і апрануў Мардэхая, і вывеў яго на кані на гарадзкую плошчу, і клікаў перад ім: «Гэтак робіцца таму чалавеку, якога валадар хоча ўшанаваць!» 
І вярнуўся Мардэхай да брамы валадарскай, а Аман пасьпяшаўся ў дом свой у смутку і закрыўшы галаву. 
І распавёў Аман Зэрэш, жонцы сваёй, і ўсім сябрам сваім пра ўсё, што напаткала яго. І сказалі яму мудрацы ягоныя і Зэрэш, жонка ягоная: «Калі з насеньня Юдэйскага Мардэхай, перад абліччам якога ты пачаў падаць, ты не пераможаш яго, але падаючы, упадзеш перад абліччам ягоным». 
Калі яны яшчэ размаўлялі з ім, прыйшлі эўнухі валадарскія і прысьпешвалі, каб прывесьці Амана на гасьціну, якую падрыхтавала Эстэр. 
