﻿НЭЭМІЯ.
13.
У той дзень чыталі з кнігі Майсея ў вушы народу і знайшлі напісанае ў ёй, што ня ўвойдзе Аманянін і Мааўлянін у царкву Божую на вякі, 
бо яны не сустрэлі сыноў Ізраіля з хлебам і вадою, і нанялі супраць іх Білеама, каб праклінаць іх; але Бог наш перамяніў праклён у дабраславенства. 
І сталася, калі яны пачулі Закон гэты, яны аддзялілі ад Ізраіля ўсю чужаземшчыну. 
А перад гэтым Эліяшыў сьвятар, які меў нагляд над пакоямі Дому Бога нашага, сваяк Товіі, 
зрабіў для яго вялікі пакой, дзе раней складалі ахвяры хлебныя, кадзіла, начыньні і дзесяціны збожжа, віна і алею, прызначаныя для лявітаў, сьпевакоў і прыдзьвернікаў, і дары для сьвятароў. 
Але ў час усяго гэтага я ня быў у Ерусаліме, бо ў трыццаць другім годзе Артарксэркса, валадара Бабілонскага, я пайшоў да валадара і праз пэўны час выпрасіўся, каб адыйсьці ад валадара. 
І я прыйшоў у Ерусалім, і зразумеў, якое ліха ўчыніў Эліяшыў дзеля Товіі, зрабіўшы пакой яму ў панадворках Дому Божага. 
І было гэта вельмі ліхім для мяне, і я выкінуў усе хатнія рэчы Товіі прэч з пакою. 
І я сказаў, і ачысьцілі пакой, і я вярнуў туды ізноў рэчы Дому Божага, ахвяры хлебныя і кадзіла. 
І я даведаўся, што належныя часткі ахвяраў не давалі лявітам, і яны разьбегліся, кожны да поля свайго, лявіты і сьпевакі, якія рабілі працу сваю. 
І я насварыўся на кіраўні­коў лявітаў, і сказаў: «Чаму вы пакінулі Дом Божы?» І я сабраў лявітаў, і паставіў іх на месца іхняе. 
І ўся Юдэя прыносіла дзесяціну збожжа, віна і алею ў скарбніцы. 
І я паставіў над скарбніцамі Шэлемію сьвятара і Цадока кніжніка, і Бэдаю з лявітаў, і пад руку іхнюю Ханана, сына Заккура, сына Маттаніі, бо іх лічылі вернымі. І да іх належала разьдзяляць належнае братам сваім. 
Узгадай пра мяне, Божа мой, дзеля гэтага і ня вытры добрых учынкаў маіх, якія я зрабіў для Дому Божага і для абслугі яго. 
У гэтыя дні я бачыў у Юдэі тых, якія тапталі віно ў тоўчнях у суботу, і вазілі снапы, накладалі рэчы на аслоў, і таксама віно, вінаград, фігі і ўсякія цяжары, і прывозілі ў Ерусалім у дзень супачынку. І я папярэджваў іх у той дзень, калі яны продалі жыўленьне. 
І Тырыяне жылі таксама там, і прывозілі рыбу і ўсялякі тавар, і продалі ў суботу сынам Юдэі ў Ерусаліме. 
І я сварыўся на шляхту Юдэі, і сказаў ім: «Што гэта за справа ліхая, якую вы робіце і паганіце дзень супачынку? 
Ці ня так рабілі бацькі вашыя, і прывёў Бог наш на нас і на горад гэты ўсё гэтае ліха? А вы павялічваеце гнеў Божы на Ізраіля, паганячы суботу». 
І сталася, што калі падаў змрок на брамы Ерусаліму перад суботаю, я сказаў, каб замыкалі вароты, і я сказаў, каб іх не адчынялі аж да сканчэньня суботы. І юнакоў сваіх я паставіў пры брамах, каб не прыносілі цяжараў у дзень супачынку. 
І начавалі гандляры і прадаўцы ўсякага тавару звонку Ерусаліму адзін раз і другі. 
І я папярэдзіў іх, і сказаў ім: «Чаму вы начуеце каля муроў? Калі вы ізноў гэтак зробіце, я падыму руку на вас». З таго часу яны не прыходзілі ў суботу. 
І я сказаў лявітам, каб яны ачысьціліся і прыйшлі вартаваць пры брамах, каб сьвяціць дзень супачынку. Таксама гэта ўзгадай пра мяне, Божа мой, і пашкадуй мяне паводле вялікасьці міласэрнасьці Тваёй! 
Таксама ў тыя дні я бачыў Юдэяў, якія жылі з жанчынамі з Ашдадзянак, Аманянак і Мааўлянак, 
і сыны іхнія на палову гаварылі па-ашдодзку, і ня ўмелі гаварыць па-юдэйску, але гаварылі моваю таго ці іншага народу. 
І я сварыўся на іх, і праклінаў іх, і біў некаторых з іх, і рваў у іх валасы, і запрысягаў іх Богам, кажучы: «Не аддавайце дочак вашых сынам іхнім і не бярыце дочак іхніх сынам сваім і сабе. 
Ці ня з іх прычыны саграшыў Салямон, валадар Ізраіля? У шмат якіх народаў не было валадара, як ён, і ён быў умілаваным Богам сваім, і Бог паставіў яго валадаром над усім Ізраілем; але нават яго ўвялі ў грэх жонкі чужаземныя. 
Ці ж можна нам чуць пра вас, што вы робіце ўсё гэтае ліха вялікае, стаўшы нявернымі Богу нашаму, жывучы з жанчынамі чужынскімі?» 
І адзін з сыноў Ёяды, сына Эліяшыва, вялікага сьвятара, быў зяцем Санвалата Хараняніна, і я прагнаў яго ад сябе. 
Узгадай ім, Божа мой, што яны апаганілі сьвятарства і запавет сьвятарства і лявітаў! 
І я ачысьціў іх ад усяго чужынскага, і паставіў чэргі сьвятароў і лявітаў, кожнага ў служэньні сваім. 
і я пастанавіў пра ахвяраваньне дроваў у вызначаны час і пра пяршыны. Узгадай пра мяне, Божа мой, на дабро мне!
