﻿НЭЭМІЯ.
12.
Вось сьвятары і лявіты, якія прыйшлі з Зэрубабэлем, сынам Шэалтыэля, і з Ешуа: Сэрая, Ярэмія, Эзра, 
Амарыя, Малух, Хаттуш, 
Шэханія, Рэхум, Мэрэмот, 
Іддо, Гінетой, Абія, 
Міямін, Маадыя, Більга, 
Шэмая, Еярыў, Едая, 
Салу, Амок, Хількія, Едая. Гэта галовы сьвятароў і браты іхнія ў дні Ешуа. 
І лявіты: Ешуа, Біннуй, Кадміэль, Шэрэвія, Юда, Маттанія, які кіраваў гімнамі падзякі, ён і браты ягоныя. 
А Бакбукія і Уньні, і браты іхнія стаялі насупраць іх на варце сваёй паводле чаргі. 
І Ешуа нарадзіў Ёякіма, Ёякім нарадзіў Эліяшыва, Эліяшыў нарадзіў Ёяду, 
Ёяда нарадзіў Ёнатана, Ёнатан нарадзіў Яддуя. 
А ў дні Ёякіма былі сьвятары галовамі дамоў бацькоў: у доме Сэраі — Мэрая, у Ярэміі — Хананія, 
у Эзры — Мэшулям, у Амарыі — Ёгаханан, 
у Малуха — Ёнатан, у Шэваніі — Язэп, 
у Харыма — Адна, у Мэраёта — Хэлкай, 
у Іддо — Захарыя, у Гінэтона — Мэшулям, 
у Абіі — Зіхры, у Мін’яміна і Маода — Пілтай, 
у Більгі — Шамуа, у Шэмаі — Еганатан, 
у Ёярыва — Матэнай, у Едаі — Узьзі, 
у Салая — Калай, у Амока — Евэр, 
у Хількіі — Хашавія, у Едая — Натанаэль. 
Лявіты, галовы дамоў бацькоў былі запісаныя ў дні Эліяшыва, Ёяды, Ёханана і Яддуа, а сьвятары — за валадараньня Дарыя Пэрса. 
Сыны Левія, галовы дамоў бацькоў, былі запісаныя ў кнігу летапісу аж да дзён Ёханана, сына Эліяшыва. 
І галовамі лявітаў былі: Хашавія, Шэрэвія, Ешуа, сын Кадміэля, і браты іхнія, якія стаялі насупраць іх, каб выхваляць і дзякаваць Богу, паводле загаду Давіда, чалавека Божага, чарга за чаргою. 
Маттанія, Бакбукія, Абадыя, Мэшулям, Тальмон, Аккуў, прыдзьвернікі, вартавалі пры каморах каля брамаў. 
Яны былі ў дні Ёякіма, сына Ешуа, сына Ёцадака, і ў дні Нээміі, ваяводы, і Эзры, сьвятара і кніжніка. 
А на пасьвячэньне муру Ерусаліму шукалі лявітаў у-ва ўсіх месцах іхніх, каб прывесьці іх у Ерусалім і зрабіць пасьвячэньне з радасьцю, і з падзякаю, і са сьпевамі, псалтырамі і гусьлямі. 
І сабраліся сыны сьпевакоў з ваколіцаў Ерусаліму і з вёсак Нэтофацян, 
і з дому Бэт-Гагільгаму, і з палёў Гевы і Азмавэту, бо сьпевакі пабудавалі сабе паселішчы вакол Ерусаліму. 
І ачысьціліся сьвятары і лявіты, і ачысьцілі народ, і брамы, і мур. 
І я прывёў князёў Юдэі на мур, і паставіў два хоры вялікія. Адзін з іх ішоў направа, па муры да Брамы Гною. 
За імі ішоў Гашая і палова князёў Юдэі, 
і Азарыя, Эзра, Мэшулям, 
Юда, Бэн’ямін, Шэмая і Ярэмія. 
А з сыноў сьвятарскіх з трубамі ішлі Захарыя, сын Ёнатана, сына Шэмаі, сына Маттаніі, сына Міхая, сына Заккура, сына Асафа, 
і браты ягоныя: Шэмая, Азарэль, Мілалай, Гілалай, Маай, Нэтанэль, Юда, Ханані з музычнымі інструмэнтамі Давіда, чалавека Божага, і Эзра кніжнік ішоў перад імі. 
І каля Брамы Крыніцы, якая была насупраць іх, яны ўзыйшлі па прыступках гораду Давіда на мур вышэй дому Давіда, аж да Брамы Воднай на ўсходзе. 
І другі хор ішоў насустрач ім, і за ім я і палова народу па муры ад Вежы Печаў аж да Муру Шырокага, 
і ад Брамы Эфраіма, мінаючы Браму Старую, Браму Рыбную, Вежу Хананэля і Вежу Мэа аж да Брамы Авечай, і спыніліся пры Браме Варты. 
І сталі абодва хоры ў Доме Божым, і я і палова кіраўнікоў народу са мною, 
і сьвятары: Эліякім, Маасэя, Мін’ямін, Міхая, Эліяэнай, Захарыя, Хананія з трубамі, 
і Маасэя, Шэмая, Элеазар, Узьзі, Ягахана, Малькія, Элям, Эзэр. І сьпявалі сьпевамі голасна, і Ізахія быў кіраўніком у іх. 
І ахвяроўвалі ў той дзень ахвяры вялікія, і весяліліся, бо Бог узрадаваў іх радасьцю вялікаю. Таксама жанчыны і дзеці радаваліся, і радасьць Ерусаліму была чуваць далёка. 
І былі прызначаны ў той дзень людзі, адказныя за каморы, каб складаць дары, пяршыны і дзесяціны, каб зьбіраць у іх з палёў пры гарадах часткі, прызначаныя ў Законе для сьвятароў і лявітаў, бо радасьць была ў Юдэі з прычыны сьвятароў і лявітаў, якія стаялі там. 
І яны захоўвалі пастановы Бога свайго і пастановы пра ачышчэньні, і былі сьпевакамі і прыдзьвернікамі паводле загаду Давіда і Салямона, сына ягонага. 
Бо ў дні Давіда і Асафа здаўна былі вызначаны галовы сьпевакоў і сьпевы хвалы і падзякі Богу. 
І ўвесь Ізраіль у дні Зэрубабэля і ў дні Нээміі даваў часткі маёмасьці для сьпевакоў і прыдзьвернікаў; і давалі сьвятыя ахвяры лявітам, а лявіты давалі сьвятыя ахвяры сынам Аарона. 
