﻿НЭЭМІЯ.
10.
Тыя, што прыклалі пячаткі: Нээмія-Тыршата, сын Гахаліі, і Сэдэкія, 
Сэрая, Азарыя, Ярэмія, 
Пашхур, Амарыя, Малхія, 
Хаттуш, Шэванія, Малух, 
Харым, Мэрэмот, Абадыя, 
Даніэль, Гіннэтон, Барух, 
Мэшулям, Абія, Міямін, 
Маазія, Білгай, Шэмая; гэта сьвятары. 
І лявіты: Ешуа, сын Азаніі, Біннуй з сыноў Хэнадада, Кадміэль, 
і браты іхнія: Шэванія, Годыя, Келіта, Пэлая, Ханан, 
Міха, Рэхоў, Хашавія, 
Заккур, Шэрэвія, Шэванія, 
Годыя, Бані, Бэніну. 
Галовы народу: Парош, Пахат-Мааў, Элям, Затту, Бані, 
Буні, Азгад, Бэвай, 
Адонія, Бігвай, Адын, 
Атэр, Хізкія, Азур, 
Годыя, Хашум, Бэцай, 
Харыф, Анатот, Нэвай, 
Магпіяш, Мэшулям, Хэзір, 
Мэшэзабэль, Цадок, Яддуа, 
Пэлятыя, Ханан, Аная, 
Осія, Хананія, Хашуў, 
Галяхеш, Пільха, Шавэк, 
Рэхум, Хашаўна, Маасэя, 
Ахія, Ханан, Анан, 
Малух, Харым, Баана. 
І іншы народ, сьвятары, лявіты, прыдзьвернікі, сьпевакі, нэтынэі і ўсе, якія аддзяліліся ад народаў зямлі гэтай дзеля Закону Божага, жонкі іхнія і дочкі іхнія, усе, якія маглі разумець, 
далучыліся да братоў сваіх, слаўных сваіх, і абавязаліся клятваю і прысягаю хадзіць паводле Закону Божага, які быў дадзены праз рукі Майсея, слугі Божага, і захоўваць, і спаўняць усе прыказаньні ГОСПАДА, Госпада нашага, і прысуды Ягоныя, і пастановы Ягоныя, 
І не аддаваць дочак нашых народам зямлі гэтай, і дочак іхніх ня браць для сыноў нашых, 
і калі народы зямлі гэтай прывязуць у суботу тавары або ўсялякае збожжа, каб продаць, ня браць у іх у суботу або ў дзень сьвяты, і пакінуць сяўбу ў сёмы год, і дараваць усе даўгі. 
І прынялі мы для сябе прыказаньне, каб даваць ад кожнага трэцюю частку сыкля на служэньне ў Доме Бога нашага, 
на хлябы пакладныя, на штодзённую ахвяру хлебную і на штодзённае цэласпаленьне, на суботы, на маладзікі, на сьвяты, на рэчы сьвятыя і на ахвяры за грэх, каб перамольваць за Ізраіля, і на ўсякую працу ў Доме Бога нашага. 
І кінулі мы жэрабя пра ахвяраваньне дроваў, сьвятары, лявіты і народ, каб прыносіць іх у Дом Бога нашага ў вызначаны час, з году ў год, паводле дамоў бацькоў нашых, каб спальваць іх на ахвярніку ГОСПАДА, Бога нашага, як напісана ў Законе. 
І мы прысягнулі прыносіць пяршыны зямлі нашай і пяршыны ўсіх пладоў усіх дрэваў, з году ў год, у Дом ГОСПАДА, 
і першародных сыноў нашых і са скаціны нашай, як напісана ў Законе, першародных валоў нашых і авечак нашых прыводзіць у Дом Бога нашага для сьвятароў, якія служаць у Доме Бога нашага. 
і пачаткі цеста нашага, і дароў нашых, і плод усіх дрэваў, віна і алею прыносіць для сьвятароў у каморы Дому Бога нашага, і дзесяціны зямлі нашай прыносіць для лявітаў, і гэтыя лявіты будуць браць дзесяціны ў-ва ўсіх гарадах працы нашай. 
І сьвятар, сын Аарона, будзе пры лявітах, калі лявіты будуць браць дзесяціны, і лявіты дадуць дзесяціну з дзесяцінаў у Дом Бога нашага, у каморы дому скарбніцы; 
бо ў гэтыя каморы будуць прыносіць сыны Ізраіля і сыны Левія дары збожжа, віна і алею; і там таксама начыньне, якое асьвячонае, сьвятары, якія служаць, прыдзьвернікі і сьпевакі. І мы не пакінем Дому Бога нашага! 
