﻿НЭЭМІЯ.
6.
І сталася, што пачуў Санвалат, і Товія, і Гешэм Араб, і іншыя ворагі нашыя, што я адбудаваў мур, і што не засталося выломаў у ім, хоць да гэтага часу я не паставіў вароты ў брамы. 
І паслаў Санвалат і Гешэм да мяне, кажучы: «Прыходзь, сустрэнемся разам у Кэферыме ў даліне Она». А яны надумалі зрабіць мне зло. 
І я паслаў да іх пасланцоў, кажучы: «Я раблю вялікую працу і не магу зыйсьці, каб не прыпынялася праца, калі я пакінуў яе і зыйду да вас». 
І прысылалі да мяне гэткім парадкам чатыры разы, і я адказваў ім такім самым парадкам. 
І паслаў да мяне Санвалат гэткім парадкам у пяты раз юнака свайго, і ліст адкрыты ў руцэ ягонай. 
Было напісана ў ім: «Паміж народамі чутно, і Гашму кажа, што ты і Юдэі надумалі збунтавацца. Дзеля гэтага ты будуеш мур, і ты надумаў стаць валадаром іхнім, паводле словаў тых. 
І таксама ты паставіў прарокаў, каб абвяшчалі пра цябе ў Ерусаліме, кажучы: “Валадар ёсьць у Юдэі”. І цяпер пачуе валадар словы гэтыя. Дык цяпер прыйдзі, і параімся разам». 
І я паслаў да яго, кажучы: «Нічога не было паводле словаў тых, як ты кажаш, але ты выдумаў гэта ў сэрцы тваім». 
Бо ўсе страшылі нас, кажучы: «Саслабеюць рукі іхнія ад працы, і яна ня будзе скончана». Але цяпер я тым больш умацаваў рукі мае! 
І прыйшоў я ў дом Шэмаі, сына Дэлаі, сына Мэгэтавэля, і ён замкнуўся, і сказаў: «Сустрэнемся ў Доме Божым, унутры сьвятыні, і замкнем дзьверы сьвятыні, бо прыйдуць, каб забіць цябе. Уначы прыйдуць, каб забіць цябе». 
І я сказаў: «Ці такі чалавек, як я, можа ўцякаць? І хто, такі як я, можа ўвайсьці ў сьвятыню і застацца жывы? Не пайду». 
І я даведаўся, і вось, ня Бог паслаў яго, хоць ён прамовіў прароцтва мне, але Товія і Санвалат нанялі яго. 
Дзеля таго ён быў наняты, каб я спалохаўся, і зрабіў так, і саграшыў, і яны мелі б благую вестку пра мяне, каб зьневажаць мяне. 
Узгадай, Божа мой, Товію і Санвалата паводле ўчынкаў іхніх, і таксама прарочыцу Наадыю і іншых прарокаў, якія хацелі напалохаць мяне! 
І быў скончаны мур у дваццаць пяты дзень месяца Элюла, за пяцьдзясят два дні. 
І сталася, калі пачулі пра гэта ўсе ворагі нашыя, і ўбачылі гэта ўсе народы, якія вакол нас, яны былі моцна паніжаныя ў вачах сваіх і даведаліся, што Богам нашым была зробленая праца гэтая. 
І таксама ў тыя дні множыла шляхта Юдэі лісты свае, якія пасылалі Товіі, і ад Товіі лісты прыходзілі да іх, 
бо мноства ў Юдэі было зьвязана прысягаю з ім, бо ён быў зяць Шэханіі, і Ёгаханан, сын ягоны, узяў дачку Мэшуляма, сына Бэрэхіі. 
Таксама пра добрыя ўчынкі ягоныя расказвалі перада мною, а словы мае перадавалі яму. І Товія пасылаў лісты, каб напалохаць мяне. 
