﻿НЭЭМІЯ.
2.
І сталася ў месяцы Нісан, у дваццатым годзе валадара Артарксэркса, віно было перад абліччам ягоным. І я падняў віно, і даў валадару; і ня быў я смутны перад абліччам ягоным. 
І сказаў мне валадар: «Чаму аблічча Тваё смутнае, а ты ня хворы? Гэта нішто іншае, як смутак сэрца». Я спалохаўся вельмі моцна, 
і сказаў валадару: «Няхай жыве валадар на вякі! Як ня будзе смутным аблічча маё, калі горад, дом магілаў бацькоў маіх, спустошаны, і брамы ягоныя спаленыя агнём!» 
І сказаў мне валадар: «Пра што просіш?» Я памаліўся Богу нябеснаму, 
і сказаў валадару: «Калі падаецца добрым валадару, і слуга твой знайшоў ласку перад абліччам тваім, пашлі мяне ў Юдэю, у горад магілаў бацькоў маіх, і я адбудую яго». 
І сказаў мне валадар, а валадарка сядзела каля яго: «Як доўга ты будзеш у дарозе? І калі вернешся?» І гэта было добрым перад абліччам валадара, і ён паслаў мяне, і я вызначыў яму час. 
І я сказаў валадару: «Калі падаецца добрым валадару, няхай дадуць мне лісты да ваяводаў Зарэчча, каб прапусьцілі мяне, пакуль я дайду да Юдэі, 
і ліст да Асафа, загадчыка лясоў валадара, каб ён даў мне дрэва для бэлькаў брамаў гораду, у якім Дом Божы, і для муроў гораду, і на дом, у які я ўвайду». І даў мне валадар, бо добрая рука Бога майго была нада мною. 
І я прыйшоў да ваяводаў Зарэчча, і даў ім лісты валадара. І паслаў валадар са мною начальнікаў войска і вершнікаў. 
І пачуў Санвалат Харанянін і Товія, слуга Аманянін, і ім было вельмі прыкра, што прыйшоў чалавек, каб шукаць дабра для сыноў Ізраіля. 
І я прыйшоў у Ерусалім, і быў там тры дні. 
І я ўстаў уначы, і некалькі чалавек са мною, і я нікому не сказаў, што Бог мой даў мне на сэрца зрабіць для Ерусаліму. А жывёлы не было са мною ніякай, акрамя той жывёлы, на якой я ехаў. 
І я прыехаў уначы праз Браму Даліны перад крыніцай Цмокаў да Брамы Гною; і агледзеў я муры Ерусаліму, якія былі зруйнаваныя, і брамы ягоныя, якія спаленыя агнём. 
І я прайшоў да Брамы Крыніцы і да сажалкі валадарскай; і не было месца прайсьці жывёле, якая была пада мною. 
І я ўзьняўся ўначы ўздоўж ручая, і агледзеў мур, і вярнуўся, і ўвайшоў праз Браму Даліны, і вярнуўся. 
А кіраўнікі народу ня ведалі, куды я хадзіў і што рабіў. Ані Юдэям, ані сьвятарам, ані шляхце, ані кіраўнікам, ані іншым, якія выконвалі працу, я не распавядаў нічога аж да гэтай пары. 
І я сказаў ім: «Вы бачыце гора, у якім мы знаходзімся, што Ерусалім зруйнаваны і брамы ягоныя спаленыя агнём. Хадзем і адбудуем муры Ерусаліму, і ня будзем больш у ганьбе». 
І я распавёў ім пра руку Бога майго, якая была добрай да мяне, а таксама пра словы валадара, якія ён казаў мне. І яны сказалі: «Станем і будзем будаваць». І ўмацавалі рукі свае на добрую справу. 
І пачулі Санвалат Харанянін, і Товія, слуга Аманянін, і Гешэм Араб, і сьмяяліся з нас, і грэбавалі намі, і казалі: «Што гэта за справа, якую вы робіце? Ці не бунтуецеся вы супраць валадара?» 
І я даў ім адказ, і сказаў ім: «Бог нябесны, Ён Сам дасьць нам посьпех, і мы, слугі Ягоныя, устанем і будзем буда­ваць. А для вас няма ані часткі, ані праведнасьці, ані памяці ў Ерусаліме». 
