﻿ЭЗРА.
10.
І калі Эзра маліўся і спавядаўся, плачучы і падаючы перад Домам Божым, сабралася да яго з усяго Ізраіля вельмі вялікая царква мужчынаў, жанчынаў і дзяцей, бо народ плакаў плачам вялікім. 
I адказаў Шэханія, сын Ехіэля, з сыноў Эляма, і сказаў Эзры: «Мы сталіся нявернымі Богу нашаму і пабралі жонак чужынак з народаў зямлі гэтай, але цяпер ёсьць яшчэ надзея ў Ізраіля. 
І цяпер заключым запавет з Богам нашым, што выправім усіх жонак і народжаных ад іх, паводле рады гаспадара майго і тых, якія трымцяць перад прыказаньнем Бога нашага, і няхай будзе паводле Закону! 
Устань, бо на табе справа гэтая, і мы з табою. Будзь мужны і рабі!» 
І ўстаў Эзра, і запрысяг князёў, сьвятароў і лявітаў, і ўсяго Ізраіля, што зробяць паводле слова гэтага; і яны прысягнулі. 
І ўстаў Эзра спрад Дому Божага, і пайшоў у пакой Егаханана, сына Эліяшыва, і прыйшоў туды. Хлеба ён ня еў і вады ня піў, бо ён быў у жалобе з прычыны здрады тых, што вярнуліся з палону. 
І абвясьцілі гучна ў Юдэі і ў Ерусаліме ўсім сынам выгнаньня, каб яны сабраліся ў Ерусалім. 
І ў кожнага, хто ня прыйдзе за тры дні, паводле рады князёў і старшыняў, уся маёмасьць ягоная будзе пад закляцьцем, а сам ён будзе адлучаны ад царквы тых, што вярнуліся з палону. 
І сабраліся ўсе мужчыны Юды і Бэн’яміна за тры дні ў Ерусалім. Гэта быў дзявяты месяц, дваццаты дзень месяца. І ўвесь народ сядзеў на панадворку Дому Божага, дрыжучы з прычыны справы гэтай і ад дажджу. 
І ўстаў Эзра сьвятар, і сказаў ім: «Вы сталіся нявернымі і ўзялі за жонак чужынак, каб павялічыць правіну Ізраіля. 
І цяпер прынясіце падзяку ГОСПАДУ, Богу бацькоў вашых, і ўчыніце волю Ягоную, і аддзяліцеся ад народаў зямлі гэтай і ад жанчынаў чужынскіх». 
I адказала ўся царква, і сказалі голасам вялікім: «Паводле слова Твайго мы так зробім! 
Але народ шматлікі і час дажджоў, і няма сілы стаяць звонку. І гэтая праца не аднаго дня, і ня двух, бо шмат саграшылі мы ў справе гэтай. 
Няхай князі нашыя стаяць за ўсю царкву, і няхай усе ў гарадах нашых, якія ўзялі жонак чужынскіх, прыйдуць у вызначаны час, і з імі старшыні кожнага гораду і судзьдзі ягоныя, аж пакуль не адвернецца ад нас ярасьць гневу Бога нашага за справу гэтую». 
Толькі Ёнатан, сын Асагэля, і Яхзэя, сын Тыквы, паўсталі супраць гэтага, а Мэшулям і Шабэтай, лявіты, дапамагалі ім. 
I зрабілі гэтак сыны выгнаньня. I аддзяліў Эзра сьвятар некаторых людзей, галоваў дамоў бацькоў, паводле дамоў бацькоў іхніх, усіх па імёнах. I яны селі ў першы дзень дзясятага месяца дасьледаваць справу гэтую, 
і скончылі да першага дня першага месяца з усімі мужчынамі, якія ўзялі жонак чужынскіх. 
I былі знойдзены з сыноў сьвятарскіх, якія ўзялі за жонак чужынак, — з сыноў Ешуа, сына Ёцадака і братоў ягоных: Маасэя, Эліэзэр, Ярыў і Гедалія. 
I яны далі руку сваю, што выправяць ад сябе жонак сваіх, і вінаватыя ахвяруюць барана са статку за правіну сваю. 
А з сыноў Іммэра: Ханані і Зэвадыя. 
З сыноў Харыма: Маасэя, Элія, Шэмая, Ехіэль і Узія. 
З сыноў Пашхура: Эліаэнай, Маасэя, Ішмаэль, Натанаэль, Ёзавад і Эляса. 
З лявітаў: Ёзавад, Шымэй і Келая, ён жа Келіта, Пэтахія, Юда і Эліэзэр. 
Са сьпевакоў: Эліяшыў; а з прыдзьвернікаў: Шальлюм, Тэлем і Уры. 
А з Ізраіля, з сыноў Пароша: Рамія, Іззія, Малькія, Міямін, Элеазар, Малькія і Бэная. 
З сыноў Эляма: Маттанія, Захарыя, Ехіэль, Аўды, Ерэмот і Элія. 
З сыноў Затту: Эліаэнай, Эліяшыў, Маттанія, Ерэмот, Завад і Азіза. 
З сыноў Бэвая: Егаханан, Хананія, Заббай і Атлай. 
З сыноў Бані: Мэшулям, Малух, Адая, Яшуў, Шэал і Ерэмот. 
З сыноў Пахат-Маава: Адна, Хелал, Бэная, Маасэя, Маттанія, Бэцаліэль, Біннуй і Манаса. 
З сыноў Харыма: Эліэзэр, Ішыя, Малхія, Шэмая, Сымон, 
Бэн’ямін, Малух, Шэмарыя. 
З сыноў Хашума: Маттэнай, Матата, Завад, Эліфэлет, Ерэмай, Манаса, Шымэй. 
З сыноў Бані: Маадай, Амрам, Уіэль, 
Бэная, Бэдэя, Келуху, 
Ванія, Мэрэмот, Эліяшыў, 
Маттанія, Маттэнай, Яасай, 
Бані, Біннуй, Шымэй, 
Шэлемія, Натан, Адая, 
Махнадэвай, Шашай, Шарай, 
Азарэль, Шэлемія, Шэмарыя, 
Шальлюм, Амарыя, Язэп. 
З сыноў Нэво: Еіэль, Маттытыя, Завад, Зэвіна, Яддай, Ёэль, Бэная. 
Усе гэтыя ўзялі жонак чужынскіх, і некаторыя з гэтых жанчынаў нарадзілі сыноў.
