﻿ЭЗРА.
5.
І прарочылі прароцтвы Агей прарок і Захарыя, сын Іддо, прарокі, да Юдэяў, якія былі ў Юдэі і ў Ерусаліме, у імя Бога Ізраіля, Які над імі. 
Тады ўсталі Зэрубабэль, сын Шэалтыэля, і Ешуа, сын Ёцадака, і пачалі будаваць Дом Божы ў Ерусаліме, і з імі прарокі Божыя, якія дапамагалі ім. 
У той час прыйшоў да іх Татэнай, ваявода Зарэчча, і Шэтар-Базэнай, і таварышы іхнія, і гэтак сказалі ім: «Хто даў вам дазвол будаваць Дом гэты і аднаўляць сьцены гэтыя?» 
Тады мы сказалі ім імёны тых людзей, якія будуюць будынак гэты. 
І было вока Бога іхняга над старшынямі Юдэйскімі, і тыя не спынілі іх, чакаючы, пакуль яны пашлюць паведамленьне Дарыю, і тады прыйдзе пісьмовая пастанова ў справе гэтай. 
Вось водпіс лісту, які паслаў Татэнай, ваявода Зарэчча, і Шэтар-Базэнай з таварышамі сваімі, Афарсатхейцамі з Зарэчча, валадару Дарыю. 
Паведамленьне яны паслалі яму, і ў ім было напісана гэтак: «Дарыю, валадару — супакой усялякі! 
Няхай будзе вядома валадару, што мы хадзілі ў краіну Юдэйскую, да Дому Бога вялікага; і будуюць яго з камянёў вялікіх, і дрэва ўкладаюць у сьцены; і праца гэтая робіцца старанна і з посьпехам у руках іхніх. 
Тады мы спыталіся ў старшыняў тых і гэтак сказалі ім: “Хто даў вам загад будаваць дом гэты і сьцены гэтыя аднаўляць?” 
І звыш таго пра імёны іхнія мы спыталіся ў іх, каб паведаміць табе і напісаць імёны тых людзей, якія галоўныя ў іх. 
І яны так адказалі нам, кажучы: “Мы — слугі Бога неба і зямлі, і будуем Дом, які быў пабудаваны шмат гадоў таму, і вялікі валадар у Ізраілі будаваў яго і скончыў будаўніцтва. 
Але бацькі нашыя ўгнявілі Бога нябеснага, і Ён аддаў іх у руку Навухаданосара, валадара Бабілону, Халдэйца; і Дом гэты ён зруйнаваў, і народ перасяліў у Бабілон. 
Але ў першы год Кіра, валадара Бабілону, валадар Кір даў загад адбудаваць гэты Дом Божы. 
І начыньне Дому Божага, залатое і срэбнае, якое Навухаданосар вынес са сьвятыні ў Ерусаліме і перанёс яго ў сьвятыню ў Бабілоне, Кір, валадар, вынес са сьвятыні ў Бабілоне, і яно было прывезена чалавеку, якога імя Шэшбацар, якога ён прызначыў ваяводам 
і сказаў яму: "Вазьмі гэтае начыньне і ідзі, занясі яго ў сьвятыню, якая ў Ерусаліме, і няхай Дом Божы будзе адбудаваны на месцы сваім". 
Тады прыйшоў той Шэшбацар і заклаў падмуркі Дому Божага, які ў Ерусаліме; і ад таго часу аж дагэтуль ён будуецца і яшчэ ня скончаны”. 
І цяпер, калі валадару гэта падаецца добрым, няхай пашукаюць у доме скарбаў валадара, там, у Бабілоне, ці сапраўды валадар Кір даў загад будаваць гэты Дом Божы ў Ерусаліме; і волю валадара пра гэта няхай прышлюць нам». 
