﻿ЭЗРА.
4.
І пачулі ворагі Юды і Бэн’яміна, што сыны выгнаньня будуюць Дом для ГОСПАДА, Бога Ізраіля. 
І прыйшлі яны да Зэрубабэля і да галоваў дамоў баць­коў, і сказалі ім: «Будзем і мы будаваць з вамі, бо і мы, як і вы, шукаем Бога вашага і ахвяруем ахвяры Яму ад дзён Эсар-Гадона, валадара Асірыі, які прывёў нас сюды». 
І сказаў ім Зэрубабэль і Ешуа, і іншыя галовы дамоў бацькоў Ізраіля: «Не будаваць вам і нам разам Дом Богу нашаму. Мы адны будзем будаваць для ГОСПАДА, Бога Ізраіля, як загадаў нам Кір, валадар Пэрсаў». 
І стаў народ зямлі той паслабляць рукі народу Юды і палохаць іх пры будаўніцтве. 
І наймалі супраць іх дарадцаў валадара, каб разбурыць намер іхні, праз усе дні Кіра, валадара Пэрсаў, аж да валадараньня Дарыя, валадара Пэрсаў. 
А ў валадараньне Ахашвэроша, на пачатку валадараньня ягонага, напісалі скаргу на жыхароў Юды і Ерусаліму. 
І ў дні Артаксэркса напісалі Бішлам, Мітрэдат, Табээль і іншыя таварышы іхнія да Артаксэркса, валадара Пэрсаў. І ліст быў напісаны па-арамейску і перакладзены на мову арамейскую. 
Рэхум канцлер і Шымшай пісар напісалі адзін ліст суп­раць Ерусаліму да валадара Артаксэркса гэтак: 
«Тады і тады. Рэхум канцлер, і Шымшай пісар, і іншыя таварышы іхнія — Дынэйцы, Афарсатхейцы, Тарпэлейцы, Афарсэйцы, Архейцы, Бабілонцы, Шушанцы, Дэгайцы, Элямцы, 
і іншыя народы, якіх перасяліў Аснапар, вялікі і славуты, і пасяліў у горадзе Самарыі і ў іншых мясцовасьцях Зарэчча, і іншае». 
Гэта водпіс лісту, які пасланы да валадара: «Артаксэрксу валадару — слугі слугаў тваіх, людзі Зарэчча, і іншае. 
Няхай будзе вядома валадару, што Юдэі, якія выйшлі ад цябе, прыйшлі да нас у Ерусалім, і горад бунтаўнічы і нягодны адбудоўваюць, і муры аднаўляюць, і падмуркі напраўляюць. 
Цяпер няхай будзе вядома валадару, што калі горад гэты будзе адбудаваны і муры адноўленыя, ня будуць яны плаціць ані даніны, ані падатку, ані мыта, і прыбытку валадара будзе шкода. 
І вось, мы солім ежу сольлю з палацу валадара, і зьнявагі валадару ня можам бачыць. Дзеля гэтага пасылаем і паведамляем валадару. 
Няхай пашукаюць у кнізе запісаў бацькоў тваіх, і знойдзеш у кнізе запісаў, і даведаешся, што горад гэты — горад бунтаўнічы і шкодзіць валадарам і краям, і бунты паднімаюць у ім з дзён старадаўніх. За гэта горад гэты быў зруйнаваны. 
Мы паведамляем валадару, што калі горад гэты будзе адбудаваны і муры ягоныя будуць адноўленыя, з гэтай прычыны ня будзе ў цябе часткі ў Зарэччы». 
Валадар паслаў адказ: «Рэхуму канцлеру, і Шымшаю пісару, і іншым таварышам іхнім, якія жывуць у Самарыі і ў іншых мясцовасьцях Зарэчча. Супакой і іншае. 
Ліст, які вы прыслалі нам, выразна прачыталі перада мною. 
І ад мяне выйшаў загад, і шукалі, і знайшлі, што горад гэты з дзён старадаўніх паўставаў супраць валадароў, і былі ў ім бунты і паўстаньні, 
і былі ў Ерусаліме валадары магутныя, якія панавалі ў-ва ўсім Зарэччы, і ім давалі даніну, падаткі і мыта. 
І цяпер дайце загад, каб людзі гэтыя спыніліся і горад гэты не адбудоўваўся, пакуль ад мяне ня выйдзе новы загад. 
І будзьце ўважлівыя, каб не зрабіць у гэтым недагляду. Навошта мае павялічвацца зло на шкоду валадарам?» 
Як толькі водпіс гэтага ліста ад валадара Артаксэркса быў прачытаны перад Рэхумам і Шымшаем пісарам, і таварышамі іхнімі, яны, сьпяшаючыся, пайшлі ў Ерусалім да Юдэяў і спынілі працу іхнюю зброяй і гвалтам. 
Тады спынілася праца пры Доме Божым, які ў Ерусаліме; і спынілася яна аж да другога году валадараньня Дарыя, валадара Пэрсаў. 
