﻿ЭЗРА.
3.
І прыйшоў сёмы месяц, і сыны Ізраіля былі ў гарадах, і сабраўся народ, як адзін чалавек, у Ерусаліме. 
І ўстаў Ешуа, сын Ёцадака, і браты ягоныя, сьвятары, і Зэрубабэль, сын Шэалтыэля, і браты ягоныя; і пабудавалі ахвярнік Бога Ізраіля, каб ахвяроўваць на ім цэласпаленьні, як напісана ў Законе Майсея, чалавека Божага. 
І паставілі ахвярнік на падмурку ягоным, хоць былі ў страху ад народу зямлі гэтай, і склалі на ім цэласпаленьні для ГОСПАДА, цэласпаленьні ранішнія і вечаровыя. 
І справілі Сьвята Намётаў, як напісана, і складалі цэласпаленьні штодзённыя лікам паводле пастановы, як павіннасьць кожнага дня вымагала. 
А пасьля гэтага — цэласпаленьне заўсёднае, і на маладзік, і на ўсе ўрачыстыя сьвяты ГОСПАДА, і для кожнага, хто ахвяруе дабраахвотную ахвяру ГОСПАДУ. 
З першага дня сёмага месяца пачалі складаць цэласпаленьні для ГОСПАДА. Але для Сьвятыні ГОСПАДА не былі яшчэ закладзены падмуркі. 
І далі яны срэбра мулярам і цесьлярам, і ежу, і пітво, і алей для Сідонцаў і Тырыянаў, каб прывезьлі дрэвы кедровыя з Лібану да мора Яфскага з дазволу Кіра, валадара Пэрсаў. 
І ў другім годзе пасьля прыходу іхняга да Дому Божага ў Ерусалім, у другі месяц, пачалі будаваць Зэрубабэль, сын Шэалтыэля, і Ешуа, сын Ёцадака, і рэшта братоў іхніх, сьвятары і лявіты, і ўсе, што ўзыйшлі з палону ў Ерусалім, і паставілі лявітаў ад дваццаці гадоў і вышэй кіраваць працамі ў Доме ГОСПАДА. 
І сталі Ешуа, сыны ягоныя і браты ягоныя, Кадміэль і сыны ягоныя, сыны Юды, як адзін чалавек, каб кіраваць выкананьнем працаў у Доме Божым, разам з сынамі Хэнадада, сынамі іхнімі і братамі іхнімі, лявітамі. 
І заклалі будаўнікі падмурак Сьвятыні ГОСПАДА, і паставілі сьвятароў у шатах іхніх з трубамі, а лявітаў, сыноў Асафа, — з цымбаламі, каб хвалілі ГОСПАДА паводле пастановы Давіда, валадара Ізраіля. 
І адказалі яны хвалою і праслаўленьнем ГОСПАДА, бо добры Ён, бо на вякі міласэрнасьць Ягоная для Ізраіля. І ўвесь народ усклікаў голасам вялікім, хвалячы ГОСПАДА за закладзены падмурак Дому ГОСПАДА. 
І шмат хто са сьвятароў і лявітаў, і галоваў дамоў бацькоў, старых, якія бачылі першы Дом Божы, калі падмуркі Дому гэтага былі закладзены перад вачыма іхнімі, плакалі голасам вялікім; а шмат хто ўсклікаў голасам узьнесеным з радасьцю. 
І ня мог народ адрозьніць голасу гуканьня радасьці ад голасу плачу народу, бо народ гукаў ускліканьнем вялікім, і гук быў чуваць далёка. 
