﻿2 ЛЕТАПІСАЎ.
34.
Восем гадоў было Ёсіі, калі ён пачаў валадарыць, і трыццаць адзін год ён валадарыў у Ерусаліме. 
І рабіў ён слушнае ў вачах ГОСПАДА, і хадзіў шляхамі Давіда, бацькі свайго, і не адхіляўся ані ўправа, ані ўлева. 
А ў восьмым годзе валадараньня свайго, а ён быў яшчэ юнак, ён пачаў шукаць Бога Давіда, бацькі свайго, а ў дванаццатым годзе пачаў ачышчаць Юду і Ерусалім ад узвышшаў, і ад Астартаў, і ад ідалаў, і ад ідалаў літых. 
І разбурылі перад ім ахвярнікі Баалаў; і выявы сонца, якія былі па-над імі, ён парэзаў; і Астартаў, і ідалаў рэзьбленых і ідалаў літых ён скрышыў і сьцёр на пыл, і расьцярушыў на абліччы магілаў тых, якія складалі ім ахвяры; 
і косткі сьвятароў Баалаў ён спаліў на ахвярніках іхніх, і ачысьціў Юду і Ерусалім. 
І ў гарадах Манасы, Эфраіма і Сымона аж да Нэфталі, і ў спустошаных ваколіцах іхніх 
ён разьбіў ахвярнікі і Астартаў, і ідалаў рэзьбленых стоўк і сьцёр на пыл, і пасек усе выявы сонца ў-ва ўсёй зямлі Ізраіля; і вярнуўся ў Ерусалім. 
А ў васямнаццатым годзе валадараньня свайго, пасьля ачышчэньня зямлі і Дому Божага, ён паслаў Шафана, сына Ацаліі, і Маасэю, начальніка гораду, і Ёаха, сына Ёахаза, канцлера, каб направіць Дом ГОСПАДА, Бога свайго. 
І прыйшлі яны да Хількіі, вялікага сьвятара, і аддалі срэбра, прынесенае ў Дом Божы, якое лявіты, што вартуюць парогі, сабралі з рук Манасы і Эфраіма і ўсёй рэшты Ізраіля, і ад усяго Юды і Бэн’яміна, і ад жыхароў Ерусаліму, 
і аддалі яго ў рукі тых, што рабілі працу, прызначаную для Дому ГОСПАДА, а тыя далі яго працаўнікам, якія рабілі ў Доме ГОСПАДА, каб направіць і ўмацаваць Дом Божы. 
І яны далі цесьлярам і будаўнікам на купляньне чэсаных камянёў і дрэва на кроквы і бэлькі, якія панішчылі валадары Юды. 
І людзі гэтыя рабілі працу сумленна; і былі прызначаныя над імі Яхат і Абадыя, лявіты з сыноў Мэрары, і Захарыя і Мэшулам з сыноў Кегата. І ўсе лявіты гэтыя зналіся на музычных інструмэнтах. 
І былі яны над тымі, якія носяць цяжары, і кіраўнікамі над тымі, якія рабілі працу пры ўсякім служэньні. І з лявітаў былі і пісары, і наглядчыкі, і прыдзьвернікі. 
І калі яны вымалі срэбра, прынесенае ў Дом ГОСПАДА, Хількія, сьвятар, знайшоў кнігу Закону ГОСПАДА, дадзеную праз рукі Майсея. 
І адказаў Хількія, і сказаў Шафану, пісару: «Я знайшоў кнігу Закону ў Доме ГОС­ПАДА». І Хількія аддаў кнігу Шафану. 
І прынёс Шафан кнігу валадару, і прынёс валадару слова, кажучы: «Усё, што даручана ў рукі слугаў тваіх, яны робяць»; 
І насыпалі срэбра, якое было знойдзенае ў Доме ГОСПАДА, і далі яго ў рукі кіраўнікоў працы і ў рукі тых, што робяць працу. 
І паведаміў Шафан пісар валадару, кажучы: «Кнігу даў мне Хількія сьвятар». І чытаў яе Шафан перад абліччам валадара. 
І сталася, калі пачуў валадар словы Закону, ён разьдзёр шаты свае. 
І загадаў валадар Хількіі, і Ахікаму, сыну Шафана, і Абдону, сыну Міхі, і Шафану пісару, і Асаі, слузе валадара, кажучы: 
«Ідзіце, спытайцеся ў ГОС­ПАДА пра мяне і пра тых, што засталіся ў Ізраілі і ў Юдзе, адносна словаў знойдзенай Кнігі гэтай. Бо вялікі гнеў ГОСПАДА, які выліты на нас за тое, што не захоўвалі бацькі нашыя слова ГОСПАДА, каб выконваць усё, што напісана ў Кнізе гэтай». 
І пайшоў Хількія і тыя, якіх паслаў валадар, да Хульды прарочыцы, жонкі Шальлюма, сына Хасры, вартаўніка шатаў, — а яна жыла ў новай частцы Ерусаліму, — і аварылі з ёю пра гэта. 
І яна сказала ім: «Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля. Скажыце чалавеку, які паслаў вас да мяне: 
“Гэта кажа ГОСПАД. Вось, Я навяду ліха на месца гэтае і на жыхароў ягоных, усе праклёны, напісаныя ў Кнізе, якую чыталі перад абліччам валадара Юды. 
За тое, што яны пакінулі Мяне і кадзілі іншым багам, каб гнявіць Мяне ўсімі ўчынкамі рук сваіх, гнеў Мой выльецца на месца гэтае і ня згасне”. 
А валадару Юды, які паслаў вас спытацца ГОСПАДА, гэтак скажыце яму: “Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля, пра словы, якія ты чуў. 
За тое, што зьмякчылася сэрца тваё, і ты ўпакорыўся перад абліччам Бога, калі пачуў словы Ягоныя пра месца гэтае і пра жыхароў ягоных, і ты ўпакорыўся перад абліччам Маім, і разьдзёр шаты свае, і плакаў перад абліччам Маім, Я таксама пачуў цябе, кажа ГОСПАД. 
Вось, Я далучу цябе да бацькоў тваіх, і ты будзеш далучаны да магілы тваёй у супакоі, і вочы твае ня будуць бачыць усяго ліха, якое Я навяду на месца гэтае і на жыхароў ягоных”». І яны вярнуліся да валадара са словам. 
І паслаў валадар, і сабраў усіх старшыняў Юды і Ерусаліму. 
І ўвайшоў валадар у Дом ГОСПАДА, і ўсе мужы Юды, і жыхары Ерусаліму, і сьвятары, і лявіты, і ўвесь народ, ад вялікага аж да малога; і ён чытаў у вушы іхнія ўсе словы Кнігі Запавету, якая была знойдзена ў Доме ГОСПАДА. 
І стаў валадар на месцы сваім, і заключыў запавет перад абліччам ГОСПАДА, каб хадзіць за ГОСПАДАМ і захоўваць прыказаньні Ягоныя, і сьведчаньні Ягоныя, і пастановы Ягоныя ўсім сэрцам сваім і ўсёй душою сваёй, каб выконваць словы запавету, запісаныя ў Кнізе гэтай. 
І ён схіліў усіх, што знаходзіліся ў Ерусаліме і ў Бэн’яміне, стаяць у гэтым. І жыхары Ерусаліму рабілі паводле запавету Бога, Бога бацькоў сваіх. 
І павыкідаў Ёсія ўсе брыдоты з усіх земляў сыноў Ізраіля, і схіліў усіх, што знаходзіліся ў Ізраілі, служыць ГОСПАДУ, Богу іхняму. У-ва ўсе дні ягоныя яны не адступалі ад ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх. 
