﻿2 ЛЕТАПІСАЎ.
33.
Дваццаць гадоў было Манасе, калі ён пачаў валадарыць, і пяцьдзясят гадоў ён валадарыў у Ерусаліме. 
І рабіў ён ліхое ў вачах ГОС­ПАДА паводле ўсіх брыдотаў тых народаў, якіх выгнаў ГОС­ПАД перад абліччам сыноў Ізраіля. 
І ён ізноў пабудаваў узвышшы, якія панішчыў Эзэкія, бацька ягоны, і паставіў ахвярнікі Баалам, і зрабіў Астартаў, і пакланяўся ўсяму войску нябеснаму, і служыў ім. 
І пабудаваў ён ахвярнік у Доме ГОСПАДА, пра які сказаў ГОСПАД: «У Ерусаліме будзе імя Маё на вякі»; 
і пабудаваў ён ахвярнік усяму войску нябеснаму на абодвух панадворках Дому ГОСПАДА. 
І ён праводзіў сыноў сваіх праз агонь у даліне Бэн-Гінном, і гадаў, і чараваў, і варажыў, і паставіў тых, якія выклікаюць мёртвых, і тых, якія выклікаюць духаў, і павялічваў учынкі ліхія ў вачах ГОСПАДА, каб гнявіць Яго. 
І паставіў ён выяву ідала, якую зрабіў, у Доме Божым, пра які казаў Бог Давіду і Салямону, сыну ягонаму: «У Доме гэтым і ў Ерусаліме, які Я абраў з усіх каленаў Ізраіля, Я палажу імя Маё на вякі; 
і не дазволю, каб выступіла нага Ізраіля з зямлі гэтай, якую Я прызначыў бацькам вашым, калі толькі яны будуць захоўваць выкананьне ўсяго, што Я загадаў ім, увесь Закон, і пастановы, і суды, дадзеныя рукой Майсея». 
І зьвёў Манаса Юду і жыхароў Ерусаліму, каб рабілі горш за народы, якіх ГОСПАД выгубіў перад абліччам сыноў Ізраіля! 
І прамаўляў ГОСПАД да Манасы і народу ягонага, яле яны не зважалі. 
І прывёў ГОСПАД на іх начальнікаў войска валадара Асірыі; і яны схапілі Манасу гакамі, і закулі яго ў кайданы мядзяныя, і павялі яго ў Бабілон. 
І калі ён быў уцісканы, ён умольваў аблічча ГОСПАДА, Бога свайго, і скарыўся вельмі перад абліччам Бога бацькоў сваіх. 
І маліўся ён да Яго, і Ён даўся ўпрасіць, і пачуў маленьне ягонае, і вярнуў яго ў Ерусалім на валадарства ягонае. І даведаўся Манаса, што ГОС­ПАД, Ён ёсьць Бог. 
І пасьля гэтага ён пабудаваў мур вонкавы ў гора­дзе Давіда, на заходнім баку Гіхону ў даліне і пры ўваходзе ў браму Рыбную, і атачыў Афэл, і вельмі высока падняў яго. І паставіў начальнікаў войска ў-ва ўсіх гарадах умацаваных Юды. 
І выкінуў багоў чужых і выяву ідала з Дому ГОСПАДА, і ўсе ахвярнікі, якія пабудаваў на версе Дому ГОСПАДА і ў Ерусаліме, выкінуў іх навонкі, за горад. 
І пабудаваў ён ахвярнік ГОС­ПАДА, і ахвяраваў на ім ахвяры мірныя і ўдзячныя, і сказаў да Юды, каб яны служылі ГОС­ПАДУ, Богу Ізраіля. 
Але народ яшчэ складаў ахвяры на ўзвышшах, толькі ўжо ГОСПАДУ, Богу свайму. 
А іншыя дзеяньні Манасы, і малітва ягоная да Бога свайго, і словы відушчых, якія прамаўлялі да яго ў імя ГОСПАДА, Бога Ізраіля, вось, яны ў летапісе валадароў Ізраіля. 
А малітва ягоная, і як Бог быў упрошаны ім, і ўвесь грэх ягоны, і нявернасьць ягоная, і месцы, на якіх ён пабудаваў узвышшы і паставіў Астартаў і балваноў перад скарэньнем сваім, вось, яны запісаныя ў Летапісе Хазая. 
І супачыў Манаса з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў доме ягоным. І пачаў валадарыць Амон, сын ягоны, пасьля яго. 
Дваццаць два гады было Амону, калі пачаў валадарыць, і ён валадарыў два гады ў Ерусаліме. 
І рабіў ён ліхое ў вачах ГОС­ПАДА, як рабіў Манаса, бацька ягоны, і ўсім балванам, якія зрабіў Манаса, бацька ягоны, ён складаў ахвяры і служыў ім. 
І ён не скарыўся перад абліччам ГОСПАДА, як скарыўся Манаса, бацька ягоны, але ён, Амон, памножыў правіны свае. 
І змовіліся супраць яго слугі ягоныя, і забілі яго ў доме ягоным. 
Але народ зямлі забіў усіх тых, якія змовіліся супраць валадара Амона; і народ зямлі паставіў Ёсію, сына ягонага, за валадара пасьля яго. 
