﻿2 ЛЕТАПІСАЎ.
31.
І калі ўсё гэта скончылася, выйшаў увесь Ізраіль, які знаходзіўся там, у гарады Юды, і пабілі слупы, і пасеклі астартаў, і разбурылі ўзвышшы і ахвярнікі ў-ва ўсім Юдзе і Бэн’яміне, у Эфраіме і Манасе, аж да канца. І вярнуліся ўсе сыны Ізраіля кожны да ўласнасьці сваёй, у горад свой. 
І прызначыў Эзэкія чэргі сьвятароў і лявітаў паводле чэргаў іхніх, кожнага паводле служэньня ягонага, сьвятароў і лявітаў для цэласпаленьняў і для ахвяраў мірных, каб паслугавалі, славілі і хвалілі ў брамах табараў ГОСПАДА. 
А частку валадара з маёмасьці ягонай ён прызначыў на цэласпаленьні, на цэласпаленьні раніцаю і ўвечары, і на цэласпаленьні ў суботы і ў маладзікі, і на ўрачыстыя сьвяты, як напісана ў Законе ГОСПАДА. 
І сказаў народу, які жыў у Ерусаліме, каб давалі частку для сьвятароў і лявітаў, каб яны ўмацаваліся ў Законе ГОСПАДА. 
І калі пашырылася слова гэтае, прынесьлі сыны Ізраіля пяршыны збожжа, і віна, і алею, і мёду, і ўсіх пладоў палявых; і прынесьлі яны шмат дзесяцінаў з усяго. 
І сыны Ізраіля і Юды, якія жылі ў гарадах Юды, таксама прынесьлі дзесяціну валоў і авечак, і дзесяціну рэчаў сьвятых, пасьвячоных ГОСПАДУ, Богу іхняму, і налажылі купы купаў. 
У трэці месяц пачалі класьці гэтыя купы, а ў сёмым месяцы скончылі. 
І прыйшлі Эзэкія і князі, і ўбачылі купы гэтыя, і дабраславілі ГОСПАДА і народ Ягоны, Ізраіля. 
І пытаўся Эзэкія сьвятароў і лявітаў пра купы гэтыя. 
І сказаў яму Азарыя, найвышэйшы сьвятар з дому Цадока, і сказаў: «Ад таго часу, калі пачалі прыносіць дары ў Дом ГОСПАДА, мы елі і насыціліся, і засталося мноства, бо дабраславіў ГОСПАД народ Свой; і тое, што засталося — гэтае мноства вялікае». 
І сказаў Эзэкія, каб падрыхтавалі каморы ў Доме ГОСПАДА, і падрыхтавалі іх. 
І верна перанесьлі туды дары, і дзесяціны, і рэчы сьвятыя; і над імі загадчыкам быў Кананія лявіт і Шымэй, брат ягоны, другім. 
А Ехіэль, Азазія, Нахат, Асагэль, Ерымот, Ёзавад, Эліэль, Ісмахія, Махат і Бэная былі наглядчыкамі пад рукою Кананіі і Шымэя, брата ягонага, паводле загаду валадара Эзэкіі і Азарыі, начальніка над Домам Божым. 
І Карэ, сын Імны, лявіт, прыдзьвернік з усходняга боку, быў над дарамі дабраахвотнымі для Бога, каб выдаваць братам дары ГОСПАДАВЫ і сьвятое сьвятых. 
І пад рукой ягонай былі Эдэн, Мін’ямін, Ешуа, Шэмая, Амарыя і Шэханія ў гарадах сьвятарскіх, каб верна раздаваць належнае братам сваім паводле чаргі, як вялікаму, так і малому, 
акрамя сьпісу іхняга, мужчын ад трох гадоў і вышэй, усім, хто ўваходзіць у Дом ГОС­ПАДА, на выкананьне слова дзень пры дні, на служэньне сваё паводле абавязкаў сваіх паводле чэргаў сваіх, 
і ўнесеным у сьпіс сьвятарам, паводле дому бацькоў іхніх, і лявітам ад дваццаці гадоў і вышэй паводле абавязкаў іхніх і паводле чэргаў іхніх, 
і ўнесеным у сьпіс з усімі дзецьмі іхнімі, жонкамі іхнімі, і сынамі іхнімі, і дочкамі іхнімі, з усёй царквой — усёй грамадзе, бо яны верна пасьвяціліся на сьвятое служэньне. 
А для сыноў Аарона, сьвятароў, якія мелі палі на пашах гарадоў іхніх, у-ва ўсіх гарадах ён прызначыў мужоў, якія названыя па імёнах, каб даваць часткі ўсім мужчынам сярод сьвятароў і ўсім лявітам, унесеным у сьпіс. 
І зрабіў гэтак Эзэкія ў-ва ўсім Юдзе, і рабіў ён тое, што добрае, слушнае і праўдзівае перад абліччам ГОСПАДА, Бога свайго. 
І ў-ва ўсёй працы, якую ён пачынаў, і ў служэнні Дому Божага, і ў выкананьні Закону і прыказаньняў, каб шукаць Бога свайго, ён рабіў з усяго сэрца свайго, і меў посьпех. 
