﻿2 ЛЕТАПІСАЎ.
30.
І паслаў Эзэкія да ўсяго Ізраіля і Юды, і таксама напісаў лісты да Эфраіма і Манасы, каб яны прыйшлі ў Дом ГОСПАДА ў Ерусалім спраўляць Пасху для ГОСПАДА, Бога Ізраіля. 
І радзіліся валадар, і князі ягоныя, і ўся царква ў Ерусаліме, каб спраўляць Пасху ў другі месяц; 
бо не маглі справіць яе ў час свой, бо сьвятароў не асьвяцілася дастаткова, і народ не сабраўся ў Ерусаліме. 
І была гэтая рэч слушнай у вачах валадара і ў вачах усёй царквы. 
І яны пастанавілі абвясь­ціць слова ў-ва ўсім Ізраілі, ад Бээр-Шэвы аж да Дану, каб прыйшлі ў Ерусалім спраў­ляць Пасху для ГОСПАДА, Бога Ізраіля, бо ня часта спраўлялі яе так, як напісана. 
І пайшлі ганцы з лістамі ад валадара і князёў ягоных па ўсім Ізраілі і Юдзе паводле загаду валадара, кажучы: «Сыны Ізраіля! Вярніцеся да ГОСПАДА, Бога Абрагама, Ісаака і Ізраіля, і Ён павернецца, каб выратаваць тых, якія ў вас засталіся ад рукі валадароў Асірыі. 
І ня будзьце, як бацькі вашыя і як браты вашыя, якія былі няверныя ГОСПАДУ, Богу бацькоў сваіх; і Ён аддаў іх на спусташэньне, як вы бачыце. 
Цяпер не рабіце цьвёрдымі каркі вашыя, як бацькі вашыя, дайце руку ГОСПАДУ, і прыходзьце ў сьвятыню Ягоную, якую Ён асьвяціў на вякі; і служыце ГОСПАДУ, Богу вашаму, і Ён адверне ад вас полымя гневу Свайго. 
Бо калі вы вернецеся да ГОСПАДА, тады браты вашыя і дзеці вашыя знойдуць ласку перад абліччам тых, якія забралі іх у палон, і вернуцца ў зямлю гэтую; бо літасьцівы і спагадлівы ГОСПАД, Бог ваш, і Ён не адверне аблічча ад вас, калі вы навернецеся да Яго». 
І праходзілі ганцы з горада ў горад па зямлі Эфраіма і Манасы і аж да Завулёна; і былі тыя, якія сьмяяліся і зьдзекваліся з іх. 
Толькі некаторыя з Асэра, Манасы і Завулёна ўпакорыліся і прыйшлі ў Ерусалім. 
Таксама ў Юдзе была рука Божая, што дала ім адно сэрца, каб выканаць загад валадара і князёў, паводле слова ГОСПАДА. 
І сабралася ў Ерусаліме мноства народу спраўляць Сьвята Праснакоў у другі месяц, царква вельмі шматлікая. 
І ўсталі, і павалілі ахвярнікі, якія былі ў Ерусаліме, і ўсе ахвярнікі каджэньня павалілі і кінулі ў ручай Кедрон. 
І зарэзалі пасхальнае ягня ў чатырнаццаты дзень другога месяца. А сьвятары і лявіты засароміліся, і асьвяціліся, і прынесьлі цэласпаленьні ў Доме ГОСПАДА, 
і сталі на месцах сваіх паводле пастановаў іхніх, паводле Закону Майсея, чалавека Божага. Сьвятары крапілі крывёй, узяўшы яе з рук лявітаў. 
А як у царкве шмат было такіх, якія не асьвяціліся, лявіты рэзалі пасхальных ягнятаў за кожнага нячыстага, каб асьвяціць іх для ГОСПАДА. 
А таму, што мноства народу, шмат з Эфраіма і Манасы, Ісахара і Завулёна не была ачысьціўшыся, і яны елі Пасху не паводле таго, што напісана, Эзэкія памаліўся за іх, кажучы: «ГОСПАД добры няхай даруе кожнаму, 
хто падрыхтаваў сэрца сваё шукаць Бога ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх, хоць не зрабіў ачышчэньня сьвятога». 
І пачуў ГОСПАД Эзэкію, і аздаравіў народ. 
І сыны Ізраіля, якія былі ў Ерусаліме, спраўлялі Сьвята Праснакоў сем дзён з радасьцю вялікай; і хвалілі ГОСПАДА дзень пры дні лявіты і сьвятары з усёй моцай для славы ГОСПАДА. 
І прамовіў Эзэкія да сэрца ўсіх лявітаў, якія мелі доб­рае разуменьне ГОСПАДА. І елі ўвесь час сьвяточны сем дзён, ахвяруючы ахвяры мірныя і славячы ГОСПАДА, Бога баць­коў сваіх. 
І радзілася ўся царква, каб спраўляць сьвята наступныя сем дзён, і спраўлялі сьвята сем дзён з радасьцю; 
бо Эзэкія, валадар Юды, даў для царквы тысячу валоў і сем тысячаў авечак, а князі далі для царквы тысячу валоў і дзесяць тысячаў авечак; і шмат сьвятароў асьвяціліся. 
І радавалася ўся царква Юды, і сьвятары, і лявіты, і ўся царква, якая прыйшла з Ізраіля, і прыхадні, якія выйшлі з зямлі Ізраіля і жылі ў Юдзе. 
І была радасьць вялікая ў Ерусаліме, бо ад дзён Салямона, сына Давіда, валадара Ізраіля, не было такога ў Ерусаліме. 
І ўсталі сьвятары і лявіты, і дабраславілі народ, і быў пачуты голас іхні, і ўзыйшла малітва іхняя да Сялібы Ягонай сьвятой у небе. 
