﻿2 ЛЕТАПІСАЎ.
29.
Эзэкія пачаў валадарыць, маючы дваццаць пяць гадоў, і дваццаць дзевяць гадоў валадарыў у Ерусаліме. А імя маці ягонай — Абія, дачка Захарыі. 
І рабіў ён слушнае ў вачах ГОСПАДА, усё так, як рабіў Давід, бацька ягоны. 
Ён у першы год валадараньня свайго, у першы месяц адчыніў дзьверы Дому ГОСПАДА і ўмацаваў іх; 
і прывёў сьвятароў і лявітаў, і сабраў іх на ўсходняй плошчы, 
і сказаў ім: «Паслухайце мяне, лявіты! Цяпер асьвяціцеся самі і асьвяціце Дом ГОСПАДА, Бога бацькоў вашых, і выкіньце нячыстае са сьвятыні. 
Бо бацькі нашыя былі няверныя, і рабілі ліха ў вачах ГОСПАДА, Бога нашага, і пакінулі Яго, і адвярнулі абліччы свае ад Сялібы ГОСПАДА, і павярнуліся каркам; 
таксама замкнулі дзьверы прысенка, і згасілі лямпы, і не кадзілі каджэньняў, і не складалі цэласпаленьняў у сьвятыні для Бога Ізраіля. 
І быў гнеў ГОСПАДА на Юдзе і Ерусаліме, і ён аддаў іх на ганьбаваньне, на спусташэньне і на насьмешку, як вы бачыце вачыма вашымі. 
І вось, пападалі бацькі нашыя ад мяча, а сыны нашыя, і дочкі нашыя, і жонкі нашыя ў палоне за гэта. 
Цяпер у сэрцы маім — заключыць запавет з ГОСПАДАМ, Богам Ізраіля, і Ён адверне ад нас полымя гневу Свайго. 
Сыны мае! Цяпер ня будзьце нядбайныя, бо вас выбраў ГОСПАД стаяць перад абліччам Ягоным, і быць Яму служыцелямі, і кадзіць Яму». 
І ўсталі лявіты: Махат, сын Амасая, і Ёэль, сын Азарыі, з сыноў Кегата; і з сыноў Мэрары: Кіш, сын Абадыі, і Азарыя, сын Егальлелеля; і з сыноў Гершона: Ёах, сын Зіммы, і Эдэн, сын Ёаха, 
і з сыноў Эліцафана: Шымты і Еіэль; і з сыноў Асафа: Захарыя і Маттанія; 
і з сыноў Гэмана: Ехіэль і Шымэй; і з сыноў Едутуна: Шэмая і Узіэль. 
І яны сабралі братоў сваіх, і асьвяціліся, і прыйшлі на загад валадара паводле слова ГОСПАДА, каб ачысьціць Дом ГОСПАДА. 
І ўвайшлі сьвятары ў сярэдзіну Дому ГОСПАДА, каб ачысьціць яго, і вынесьлі ўсё нячыстае, што знайшлі ў сьвятыні ГОСПАДА, на панадворак Дому ГОСПАДА; а лявіты ўзялі гэта, каб вынесьці навонкі да ручая Кедрон. 
І яны пачалі асьвячэньне ў першы дзень першага месяца, і ў восьмы дзень месяца ўвайшлі ў прысенак ГОСПАДА; і асьвячалі Дом ГОСПАДА восем дзён, і ў шаснаццаты дзень першага месяца скончылі. 
І ўвайшлі яны ў сярэдзіну дому да валадара Эзэкіі, і сказалі: «Мы ачысьцілі Дом ГОСПАДА, і ахвярнік цэласпаленьня, і ўсё начыньне ягонае, і стол хлябоў пакладных, і ўсё начыньне ягонае; 
і ўсе начыньні, якія закінуў валадар Ахаз у час валадараньня свайго ў нявернасьці сваёй, мы падрыхтавалі і асьвяцілі, і вось, яны перад ахвярнікам ГОСПАДА». 
І ўстаў рана валадар Эзэкія, і сабраў князёў гораду, і ўвайшоў у Дом ГОСПАДА. 
І прывялі сем бычкоў, і сем бараноў, і сем ягнятаў, і сем казлоў у ахвяру за грэх за валадарства і за Сьвятыню і за Юду; і ён сказаў сынам Аарона сьвятара скласьці цэласпаленьне на ахвярніку ГОСПАДА. 
І зарэзалі валоў, і ўзялі сьвятары кроў, і пакрапілі ахвярнік; і зарэзалі бараноў, і пакрапілі крывёй ахвярнік; і зарэзалі ягнятаў, і пакрапілі крывёй ахвярнік. 
І прывялі казлоў у ахвяру за грэх перад аблічча валадара і царквы, і яны ўсклалі рукі свае на іх. 
І зарэзалі іх сьвятары, і ачысьцілі крывёю іхняй ахвярнік на перамольваньне за грахі ўсяго Ізраіля; бо за ўвесь Ізраіль сказаў валадар учыніць цэласпаленьне і ахвяру за грэх. 
І паставіў ён лявітаў у Доме ГОСПАДА з цымбаламі, псалтырамі і гусьлямі паводле загаду Давіда і Гада, відушчага валадара, і Натана прарока, бо з рукі ГОСПАДА загад гэты быў паведамлены праз рукі прарокаў Ягоных. 
І сталі лявіты з музычнымі інструмэнтамі Давіда, і сьвятары — з трубамі. 
І сказаў Эзэкія скласьці цэласпаленьні на ахвярніку. І ў час, калі пачалося цэласпаленьне, пачаўся сьпеў ГОСПАДУ і гук трубаў і музычных інструмэнтаў Давіда, валадара Ізраіля. 
І ўся царква пакланялася, і сьпевакі сьпявалі, і ў трубы, трубячы, трубілі, пакуль ня скончылася цэласпаленьне. 
І калі скончылі цэласпаленьне, укленчылі валадар і ўсе, што былі з ім, і пакланіліся. 
І сказаў валадар Эзэкія і князі лявітам, каб яны хвалілі ГОСПАДА словамі Давіда і Асафа відушчага, і яны хвалілі з радасьцю, і кленчылі, і пакланяліся. 
І адказаў Эзэкія, і сказаў: «Цяпер вы напоўнілі рукі вашыя для ГОСПАДА. Падыйдзіце і прынясіце ахвяры і дары падзякі ў Дом ГОСПАДА». І ахвяроўвала царква ахвяры і дары падзякі, і ўсе, якія былі ахвотныя сэрцам, прынесьлі цэласпаленьні. 
І быў лік цэласпаленьняў, якія прынесла царква: семдзясят валоў, сто бараноў, дзьвесьце ягнятаў; усё гэта — на цэласпаленьне для ГОСПАДА. 
І для пасьвячэньня прынесьлі шэсьцьсот валоў і тры тысячы авечак. 
Толькі сьвятароў было мала, і яны не маглі абдзіраць скуру з усіх ахвяраў і цэласпаленьняў; і дапамагалі ім браты іхнія, лявіты, пакуль праца не была скончана і пакуль іншыя сьвятары не асьвяціліся; бо лявіты былі больш правыя сэрцам, каб асьвяціцца, чым сьвятары. 
І таксама цэласпаленьняў было шмат з тлушчам ахвяраў мірных, і з ахвярамі вадкімі для цэласпаленьня. Гэтак адноўлена было служэньне Дому ГОСПАДА. 
І радаваўся Эзэкія і ўвесь народ з таго, што Бог падрыхтаваў народ, бо неспадзявана сталася рэч гэтая. 
