﻿2 ЛЕТАПІСАЎ.
25.
Дваццаць пяць гадоў было Амазіі, калі ён пачаў валадарыць, і двац­цаць дзевяць гадоў ён валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай — Егааддан з Ерусаліму. 
І рабіў ён слушнае ў вачах ГОСПАДА, але ня шчырым сэрцам. 
І сталася, калі ўмацавалася за ім валадарства, ён пазабіваў слугаў сваіх, якія забілі валадара, бацьку ягонага. 
Але сыноў іхніх не пазабіваў, бо напісана ў Законе, у кнізе Майсея, якому загадаў ГОСПАД, кажучы: «Не памруць бацькі за сыноў, і сыны не памруць за бацькоў, але кожны за грэх свой мае памерці». 
І сабраў Амазія Юду, і паставіў іх паводле дамоў баць­коў, паводле начальнікаў над тысячамі і паводле начальнікаў над сотнямі ў-ва ўсім Юдзе і Бэн’яміне; і палічыў іх ад веку дваццаці гадоў і вышэй, і знайшоў іх трыста тысячаў чалавек выбраных, якія выхо­дзяць на вайну і трымаюць дзіду і шчыт. 
І наняў ён у Ізраілі сто тысячаў ваяроў мужных за сто талентаў срэбра. 
І чалавек Божы прыйшоў да яго, кажучы: «Валадару, няхай не ідзе з табою войска Ізраіля, бо няма ГОСПАДА з Ізраілем, з усімі сынамі Эфраіма. 
Але ты ідзі, рабі, будзь мужны ў бітве, бо можа зрабіць Бог, што ты спатыкнешся перад абліччам ворага, бо ёсьць моц у Бога, каб дапамагчы і каб прывесьці да спатыкненьня». 
І сказаў Амазія чалавеку Божаму: «А што рабіць з сотняй талентаў, якія я аддаў дружынам Ізраіля?» І сказаў чалавек Божы: «ГОСПАД можа даць табе больш за гэта». 
І аддзяліў Амазія тыя дружыны, якія прыйшлі да яго з Эфраіма, каб яны ішлі на месца сваё. І вельмі ўзгарэўся гнеў іхні на Юду, і яны вярнуліся на месца сваё, палаючы гневам. 
А Амазія ўмацаваўся, і павёў народ свой, і пайшоў у даліну Салёную, і пабіў сыноў Сэіру дзесяць тысячаў. 
І дзесяць тысячаў жывых узялі ў палон сыны Юды; і прывялі іх на вяршыню скалы, і скінулі іх з вяршыні скалы, і ўсе яны разьбіліся. 
А людзі з дружынаў, якіх Амазія вярнуў, каб яны не ішлі з ім на вайну, рассыпаліся па гарадах Юды, ад Самарыі аж да Бэт-Харону; і забілі там тры тысячы чалавек, і нарабавалі здабычу вялікую. 
І сталася, калі Амазія вярнуўся, пабіўшы Эдомцаў, ён прынёс багоў сыноў Сэіру, і паставіў іх у сябе як багоў, і перад імі пакланіўся, і для іх кадзіў. 
І ўзгарэўся гнеў ГОСПАДА на Амазію, і Ён паслаў да яго прарока, і той сказаў яму: «Дзеля чаго ты шукаеш багоў народу, якія ня выбавілі народу свайго ад рукі тваёй?» 
І сталася, калі ён прамаўляў, валадар сказаў: «Ці я паставіў цябе дарадцам валадара? Перастань, навошта я маю забіць цябе?» І перастаў прарок, і сказаў: «Я ведаю, што Бог пастанавіў загубіць цябе, бо ты зрабіў гэта і не паслухаў рады маёй». 
І радзіўся Амазія, валадар Юды, і паслаў да Ёаша, сына Егаахаза, сына Егу, валадара Ізраіля, кажучы: «Выходзь, паглядзім абліччы адзін аднаго». 
І паслаў Ёаш, валадар Ізраілю, да Амазіі, валадара Юды, кажучы: «Цёрн, які на Лібане, паслаў да кедра, які на Лібане, кажучы: “Аддай дачку тваю за жонку сыну майму”. Але праходзіў зьвер палявы, які на Лібане, і патаптаў цёрн гэты. 
Ты сказаў: “Вось, я пабіў Эдом”, і ўзьнялося сэрца тваё, каб ганарыцца. Цяпер сядзі ў доме тваім. Навошта табе выклікаць ліха, бо ўпадзеш ты, і Юда з табою». 
І не паслухаў Амазія, бо ад Бога было гэта, каб аддаць іх у рукі Ёаша за тое, што яны шукалі багоў Эдому. 
І выйшаў Ёаш, валадар Ізраіля, і яны ўбачылі абліччы адзін аднаго, ён і Амазія, валадар Юды, у Бэт-Шэмэшы, які ў Юдзе. 
І быў пабіты Юда перад абліччам Ізраіля, і ўцяклі кожны ў намёт свой. 
І Амазію, валадара Юды, сына Ёаша, сына Егаахаза, схапіў Ёаш, валадар Ізраіля, у Бэт-Шэмэшы, і прывёў яго ў Ерусалім, і зрабіў вылом у муры Ерусаліму ад брамы Эфраіму аж да брамы Вуглавой на чатырыста локцяў. 
І ўзяў ён усё золата і срэбра, і ўсе начыньні, якія былі ў Доме Божым у Абэд-Эдома, і скарбы дому валадара, і закладнікаў, і вярнуўся ў Самарыю. 
І жыў Амазія, сын Ёаша, валадар Юды, пасьля сьмерці Ёаша, сына Егаахаза, валадара Ізраіля, пятнаццаць гадоў. 
А іншыя справы Амазіі, першыя і апошнія, запісаныя ў Кнізе валадароў Юды і Ізраіля. 
І пасьля таго часу, калі Амазія адыйшоў ад ГОСПАДА, зрабілі супраць яго змову ў Ерусаліме, і ён уцёк у Ляхіш. І паслалі за ім у Ляхіш, і забілі яго там. 
І прывезьлі яго коньмі, і пахавалі яго з бацькамі ягонымі ў горадзе Юды. 
