﻿2 ЛЕТАПІСАЎ.
21.
І супачыў Язафат з бацькамі сваімі, і быў пахаваны з бацькамі сваімі ў горадзе Давіда. І заваладарыў Егарам, сын ягоны, пасьля яго. 
І былі ў яго браты, сыны Язафата: Азарыя, Ехіэль, Захарыя, Азарыя, Міхаэль і Шэфатыя; усе яны — сыны Язафата, валадара Ізраіля. 
І даў ім бацька іхні вялікія дары, срэбра і золата, і каштоўныя рэчы, і гарады ўмацаваныя ў Юдзе. А валадараньне аддаў Егараму, бо ён першародны. 
І стаў Егарам на валадарства бацькі свайго, і ўмацаваўся, і забіў усіх братоў сваіх мячом, і таксама некаторых з князёў Ізраіля. 
Трыццаць два гады было Егараму, калі ён пачаў валадарыць, і восем гадоў ён валадарыў у Ерусаліме. 
І хадзіў ён шляхам валадароў Ізраіля, як рабіў дом Ахава, бо дачка Ахава была жонкаю ягонай, і рабіў ён ліхое ў вачах ГОСПАДА. 
Але не хацеў ГОСПАД выгубіць дом Давіда дзеля запавету, які Ён заключаў з Давідам, і дзеля таго, што Ён абяцаў даць сьветач яму і сынам ягоным на ўсе дні. 
У дні ягоныя выйшаў Эдом з-пад рукі Юды, і яны паставілі над сабою валадара. 
І пайшоў Егарам з князямі сваімі, і ўсе калясьніцы ягоныя з ім, і сталася, што ён устаў уначы, і разьбіў Эдомцаў, якія атачалі яго, і начальнікаў калясьніцаў іхніх. 
Але выйшаў Эдом з-пад рукі Юды аж да дня гэтага. У той час выйшла таксама Лібна з-пад рукі ягонай, бо ён пакінуў ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх. 
Таксама ён рабіў узгоркі ў гарах Юды, і зрабіў распусьнікамі жыхароў Ерусаліму, і зьвёў Юду. 
І прыйшоў да яго ліст ад Ільлі прарока, кажучы: «Гэта кажа ГОСПАД, Бог Давіда, бацькі твайго: “За тое, што ты не хадзіў шляхамі Язафата, бацькі твайго, ані шляхамі Асы, валадара Юды, 
а пайшоў шляхам валадароў Ізраіля і зрабіў распусьнікамі Юду і жыхароў Ерусаліму, як рабіў распусьнікамі Ізраіля дом Ахава; і братоў тваіх, дом бацькі твайго, якія былі лепшыя за цябе, ты забіў; 
вось, ударыць ГОСПАД плягай вялікай народ твой, і сыноў тваіх, і жонак тваіх, і ўсю маёмасьць тваю. 
А ты захварэеш моцна на хваробу нутра, аж будзе выходзіць з цябе нутро тваё з прычыны хваробы дзень пры дні”». 
І ўзбудзіў ГОСПАД на Егарама дух Філістынцаў і Арабаў, якія былі пад рукою Кушанаў, 
і яны пайшлі на Юду, і ўвайшлі ў яго, і захапілі ўсю маёмасьць, што была ў доме валадара, а таксама сыноў ягоных, і жонак ягоных; і не засталося ў яго сына, акрамя Егаахаза, найменшага з сыноў ягоных. 
І пасьля ўсяго гэтага ўдарыў ГОСПАД нутро ягонае хваробаю невылечнаю. 
І сталася так дзень пры дні, а пад канец другога году выйшла нутро ягонае з прычыны хваробы ягонай, і ён памёр у ліхой немачы; і народ ягоны не рабіў для яго пахкіх паленьняў, як рабілі паленьне для бацькоў ягоных. 
Трыццаць два гады было яму, калі пачаў валадарыць, і ён валадарыў у Ерусаліме восем гадоў, і адыйшоў, і ніхто не шкадаваў. Пахавалі яго ў горадзе Давіда, але не ў магілах валадарскіх. 
