﻿2 ЛЕТАПІСАЎ.
15.
Дух Божы быў на Азарыі, сыне Адэда. 
І выйшаў ён перад аблічча Асы, і сказаў яму: «Паслухайце мяне, Аса і ўвесь Юда і Бэн’ямін. ГОСПАД з вамі, калі вы будзеце з Ім; і калі будзеце шукаць Яго, Ён дасьць вам знайсьці Сябе; калі ж вы пакінеце Яго, Ён пакіне вас. 
І шмат дзён Ізраіль быў бяз Бога праўдзівага, і без сьвятара-вучыцеля, і без Закону. 
І зьвярнуліся яны ў прыгнёце сваім да ГОСПАДА, Бога Ізраіля, і шукалі Яго, і Ён даў ім знайсьці Сябе. 
А ў тыя часы не было супакою ані таму, хто выйшаў, ані таму, хто прыйшоў, бо вялікая трывога была ў-ва ўсіх жыхароў зямлі. 
І ваяваў народ супраць народу, і горад супраць гораду, таму што Бог бянтэжыў іх усякімі бядотамі. 
Але вы будзеце моцныя, і няхай ня слабнуць рукі вашыя, бо ёсьць нагарода за ўчынкі вашыя». 
І калі Аса пачуў словы гэтыя і прароцтва сына Абэда, прарока, ён умацаваўся і выкінуў брыдоту з усёй зямлі Юды, і з Бэн’яміна, і з гарадоў, якія ён здабыў на гары Эфраіма, і аднавіў ахвярнік ГОС­ПАДА, які перад прысенкам ГОСПАДА. 
І сабраў ён усяго Юду і Бэн’яміна, і тых, што жылі з імі з Эфраіма, з Манасы і з Сымона, бо мноства іх перайшло з Ізраіля, калі яны ўбачылі, што ГОСПАД, Бог ягоны, з ім. 
І сабраліся яны ў Ерусаліме ў трэці месяц пятнаццатага году валадараньня Асы. 
І ахвяравалі яны ГОСПАДУ ў той дзень са здабычы, якую прывялі, з валоў — сямсот і з авечак — сем тысячаў, 
і ўвайшлі ў запавет, каб шукаць ГОСПАДА, Бога баць­коў сваіх, усім сэрцам сваім і ўсёй душою сваёй. 
І кожны, хто ня будзе шукаць ГОСПАДА, Бога Ізраіля, мае памерці, ад малога аж да вялікага і ад мужчыны аж да жанчыны. 
І прысягалі яны ГОСПАДУ голасам вялікім з гуканьнем, з гукам трубаў і гукам рагоў. 
І радаваўся ўвесь Юда з прысягі гэтай, бо яны прысягалі ўсім сэрцам сваім, і ўсім жаданьнем сваім шукалі Яго, і Ён даў ім знайсьці Сябе. І даў ім ГОСПАД супакой навокал. 
І нават Мааху, маці Асы, валадар пазбавіў годнасьці валадарскай за тое, што яна зрабіла ідала Астарты. І пасек Аса ідала, і патоўк, і спаліў каля ручая Кедрон. 
Але ўзгоркі не былі зьнішчаныя ў Ізраілі, аднак сэрца Асы было цалкам з Госпадам усе дні ягоныя. 
І прынёс ён у Дом Божы рэчы пасьвячоныя бацькі свайго і рэчы пасьвячоныя свае — срэбра і золата, і посуд. 
І не было вайны да трыццаць пятага году валадараньня Асы. 
