﻿2 ЛЕТАПІСАЎ.
14.
І супачыў Абія з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў горадзе Давіда. І заваладарыў Аса, сын ягоны, пасьля яго. У дні ягоныя была ў супакоі зямля дзесяць гадоў. 
І рабіў Аса добрае і слушнае ў вачах ГОСПАДА, Бога свайго. 
І прыбраў ён ахвярнікі чужых багоў, і ўзгоркі, і разьбіў слупы, і пасьсякаў сьвятыя гаі. 
І сказаў да Юды, каб шукалі ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх, і выконвалі Закон і прыказаньні. 
І прыбраў ён у-ва ўсіх гарадах Юды ўзгоркі і выявы сонца. І было ў супакоі валадарства перад абліччам ягоным. 
І пабудаваў ён гарады ўмацаваныя ў Юдзе, бо была ў супакоі зямля, і не было ў яго вайны ў тыя гады, бо ГОСПАД даў яму супакой. 
І сказаў ён Юдзе: «Пабудуем гарады гэтыя, і аточым іх мурамі і вежамі, брамамі і заваламі, пакуль зямля наша перад абліччам нашым, бо мы шукалі ГОСПАДА, Бога нашага. Мы шукалі Яго, і Ён даў нам супакой навокал». І яны будавалі, і мелі посьпех. 
І было ў Асы войска: тых, якія носяць вялікія шчыты і дзіды — трыста тысячаў, і з Бэн’яміна тых, якія носяць шчыты і нацягваюць лук — дзьвесьце восем тысячаў, усе яны — ваяры мужныя. 
І выйшаў на іх Зэрах Кушанін з войскам, якое мела тысячу тысячаў і трыста калясьніцаў, і дайшоў да Марэшы. 
І выйшаў Аса перад аблічча ягонае, і пашыхтаваліся на бітву ў даліне Цэфат каля Марэшы. 
І клікаў Аса да ГОСПАДА, Бога свайго, і сказаў: «ГОСПАДЗЕ, няма нікога, акрамя Цябе, каб дапамагчы шматлікаму, або таму, хто ня мае сілы. Дапамажы нам, ГОС­ПАДЗЕ, Божа наш, бо мы на Цябе спадзяемся і ў імя Тваё мы выйшлі супраць мноства гэтага. ГОСПАДЗЕ, Ты — Бог наш! Няхай ня спыніць Цябе чалавек». 
І пабіў ГОСПАД Кушанаў перад абліччам Асы і перад абліччам Юды, і ўцякалі Кушане. 
І гнаў іх Аса і народ, які быў з ім, аж да Герару, і падалі Кушане, ажно ў іх нікога не засталося жывога, бо яны былі зьнішчаныя перад абліччам ГОСПАДА і перад абліччам табару Ягонага. І панесьлі яны здабычы вялікае мноства. 
І пабілі яны ўсе гарады вакол Герару, бо напаў на іх жах перад ГОСПАДАМ; і рабавалі ўсе гарады, бо шмат здабычы было ў іх. 
І таксама намёты пастухоў статкаў яны зьнішчылі, і забралі мноства авечак і вярблюдаў, і вярнуліся ў Ерусалім. 
