﻿2 ЛЕТАПІСАЎ.
11.
І прыйшоў Рэхабаам у Ерусалім, і сабраў з дому Юды і Бэн’яміна сто восемдзясят тысячаў выбраных ваяроў, каб ваяваць з Ізраілем і вярнуць валадарства Рэхабааму. 
І было слова ГОСПАДА да Шэмаі, чалавека Божага, кажучы: 
«Скажы Рэхабааму, сыну Салямона, валадару Юды, і ўсяму Ізраілю ў Юдзе і Бэн’яміне, кажучы: 
“Гэтак кажа ГОСПАД. Не выходзьце і не ваюйце з братамі сваімі. Вярніцеся кожны ў дом свой, бо ад Мяне сталася рэч гэтая”». І яны паслухалі словаў ГОСПАДА, і вярнуліся з паходу на Ерабаама. 
І жыў Рэхабаам у Ерусаліме, і пабудаваў цьвярдыні ў гарадах Юды. 
І ён пабудаваў іх у Бэтлееме, Этаме, Тэкоа, 
Бэтцуры, Сахо, Адуляме, 
Гаце, Марэшы, Зіфе, 
Адараіме, Ляхішы, Азэцы, 
Цоры, Аялоне і Хеўроне, якія былі ў Юдзе і Бэн’яміне гарадамі ўмацаванымі. 
І ўмацаваў ён гэтыя крэпасьці, і даў ім начальнікаў, і склады харчоў, алею і віна, 
і ў-ва ўсіх гарадах злажыў шчыты і дзіды, і вельмі моцна іх умацаваў. І былі ў яго Юда і Бэн’ямін. 
І сьвятары і лявіты, якія былі ў-ва ўсёй зямлі Ізраіля, зьбіраліся да яго з усіх межаў сваіх; 
бо пакінулі Лявіты пашы свае і ўласнасьць сваю, і прыйшлі ў Юду і ў Ерусалім, бо Ерабаам і сыны ягоныя адсунулі іх ад сьвятарства ГОСПАДАВАГА, 
і прызначылі ў сябе сьвятароў для ўзгоркаў і для казлоў, і для быкоў, якіх ён зрабіў. 
А за імі з усіх каленаў Ізраіля тыя, што аддалі сэрцы свае, каб шукаць ГОСПАДА, Бога Ізраіля, прыходзілі ў Ерусалім, каб складаць ахвяры ГОСПАДУ, Богу бацькоў сваіх. 
І ўмацавалі яны валадарства Юды, і зрабілі за тры гады мацнейшым Рэхабаама, сына Салямона, бо хадзілі шляхам Давіда і Салямона гэтыя тры гады. 
І ўзяў сабе Рэхабаам за жонку Махалят, дачку Ерымота, сына Давіда, і Абігайль, дачку Эліява, сына Есэя. 
І яна нарадзіла яму сыноў: Еуша, Шэмарыю і Загама. 
А пасьля яе ён узяў Мааху, дачку Абсалома, і яна нарадзіла яму Абію, Аттая, Зізу і Шэляміта. 
І любіў Рэхабаам Мааху, дачку Абсалома, больш за ўсіх жонак сваіх і наложніцаў сваіх, бо ён узяў васямнаццаць жонак і шэсьцьдзясят наложніцаў, і нарадзіў дваццаць восем сыноў і шэсьцьдзясят дачок. 
І паставіў Рэхабаам Абію, сына Маахі, за начальніка над братамі ягонымі, каб паставіць яго за валадара. 
І ён дзейнічаў разумна, і разьмясьціў усіх сыноў па ўсіх землях Юды і Бэн’яміна, у-ва ўсіх гарадах умацаваных, і даў ім шмат харчоў, і пазнаходзіў ім шмат жонак. 
