﻿2 ЛЕТАПІСАЎ.
10.
І пайшоў Рэхабаам у Сыхем, бо ў Сыхем зыйшоўся ўвесь Ізраіль, каб паставіць яго за валадара. 
І сталася, што пачуў пра гэта Ерабаам, сын Навата, а ён быў у Эгіпце, куды ўцёк ад аблічча валадара Салямона, і вярнуўся Ерабаам з Эгіпту. 
І паслалі, і паклікалі яго; і прыйшоў Ерабаам і ўвесь Ізраіль, і прамовілі да Рэхабаама, кажучы: 
«Бацька твой зрабіў цяжкім ярмо нашае, а ты зрабі лягчэйшымі цяжкія работы бацькі свайго і ярмо ягонае цяжкае, якое ён узлажыў на нас, і мы будзем служыць табе». 
І ён сказаў ім: «Яшчэ тры дні і зноў вернецеся да мяне». І адыйшоў народ. 
І радзіўся валадар Рэхабаам са старшынямі народу, якія стаялі перад абліччам Салямона, бацькі ягонага, за жыцьця ягонага, кажучы: «Якім словам вы парадзіце адказаць народу гэтаму?» 
І яны прамовілі да яго, кажучы: «Калі ты будзеш добры для народу гэтага, і будзеш зычлівым да іх, і прамовіш да іх словы добрыя, яны будуць для цябе слугамі ўсе дні». 
Але ён адкінуў раду старшыняў, якую яны радзілі яму, і радзіўся ў юнакоў, якія расьлі разам з ім, стоячы перад абліччам ягоным, 
і сказаў ім: «Што вы парадзіце, якое слова сказаць народу гэтаму, які прамовіў да мяне, кажучы: “Зрабі лягчэйшым ярмо, якое налажыў на нас бацька твой”?» 
І сказалі яму юнакі, якія расьлі разам з ім, кажучы: «Гэтак адкажы народу, які прамовіў да цябе, кажучы: “Бацька твой зрабіў цяжкім ярмо нашае, а ты дай палёгку нам”, гэтак адкажы ім: “Мезенец мой таўсьцейшы за сьцёгны бацькі майго. 
І цяпер, бацька мой налажыў на вас ярмо цяжкае, а я павялічу ярмо вашае; бацька мой караў вас пугамі, а я буду караць скарпіёнамі”». 
І прыйшоў Ерабаам і ўвесь народ да Рэхабаама на трэці дзень, як гаварыў валадар, кажучы: «Вярніцеся да мяне на трэці дзень». 
І валадар адказаў ім сувора, і адкінуў валадар Рэхабаам раду старшыняў народу, 
і прамовіў да іх паводле рады юнакоў, кажучы: «Бацька мой зрабіў цяжкім ярмо вашае, а я дадам да яго; бацька мой караў вас пугамі, а я буду караць скарпіёнамі». 
І не паслухаў валадар народу, бо гэта было спрычынена Богам, каб ГОСПАД споўніў слова Сваё, якое прамовіў праз Ахію з Шыло да Ерабаама, сына Навата. 
І ўвесь Ізраіль убачыў, што валадар яго ня слухае, і адказаў народ валадару, кажучы: «Якая нашая частка ў Давідзе? Няма нам спадчыны з сынам Есэя! Па намётах сваіх, Ізраіль! Цяпер глядзі на дом свой, Давідзе!» І разыйшоўся ўвесь Ізраіль у намёты свае. 
І сыны Ізраіля жылі ў гарадах Юды, і валадарыў над імі Рэхабаам. 
І паслаў валадар Рэхабаам Гадарама, які быў наглядчыкам над данінаю, але сыны Ізраіля закідалі яго камянямі, і ён памёр. І валадар Рэхабаам пасьпяшаўся сесьці ў калясьніцу, каб уцячы ў Ерусалім. 
І адыйшоў Ізраіль ад дому Давіда аж па сёньняшні дзень. 
