﻿2 ЛЕТАПІСАЎ.
9.
І валадарка Шэвы пачула пра славу Салямона, і прыйшла ў Ерусалім, каб выспрабаваць Салямона загадкамі, з вельмі вялікім багацьцем і з вярблюдамі, якія несьлі пахошчы і мноства золата і каштоўных камянёў. І прыйшла яна да Салямона, і размаўляла з ім пра ўсё, што было ў яе ў сэрцы. 
І растлумачыў Салямон ёй усе пытаньні ейныя, і не было нічога невядомага Салямону, што ён не патлумачыў ёй. 
І ўбачыла валадарка Шэвы мудрасьць Салямона і дом, які ён пабудаваў, 
і ежу на стале ягоным, і дамы слугаў ягоных, і паставу паслугачоў ягоных, і адзеньні іхнія; таксама чашнікаў ягоных і адзеньне іхняе, і сходы, па якіх ён узыходзіў у Дом ГОСПАДА, і была яна ў захапленьні. 
І сказала яна валадару: «Праўдзівае тое слова, якое я чула ў зямлі маёй пра справы твае і пра мудрасьць тваю. 
І я ня верыла словам пра іх, пакуль не прыйшла і ня ўбачыла вачыма сваімі. І вось, не распавялі мне нават паловы пра мноства мудрасьці тваёй. Ты пераўзыходзіш тыя весткі, якія я чула. 
Шчасьлівыя людзі твае, і шчасьлівыя гэтыя слугі твае, якія заўсёды стаяць перад абліччам тваім і слухаюць мудрасьць тваю! 
Няхай будзе дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог твой, Які меў ласку для цябе, каб даць табе пасад Свой як валадару ў ГОС­ПАДА, Бога твайго, паводле любові Бога твайго да Ізраіля, каб умацаваць яго на вякі, і Ён паставіў цябе як валадара над ім, каб чыніць суд і праведнасьць». 
І яна падаравала валадару сто дваццаць талентаў золата і вялікае мноства пахошчаў і камянёў каштоўных; і не было такіх пахошчаў, як тыя, што падаравала валадарка Шэвы валадару Салямону. 
І таксама слугі Хурама і слугі Салямона, якія прывозілі золата з Афіру, прывезьлі дрэва сандалавае і камяні каштоўныя. 
І зрабіў валадар з дрэва сандалавага сходы ў Доме ГОСПАДА і ў доме валадара, і гусьлі, і псалтыры для сьпевакоў. І ня бачна было падобнага да іх уперад у зямлі Юды. 
І валадар Салямон даў валадарцы Шэвы ўсё, што яна зажадала і што прасіла, апрача таго, што яна прывезла валадару. І яна выправілася назад, і пайшла ў зямлю сваю, яна і слугі ейныя. 
А вагі золата, якое прыходзіла да Салямона за адзін год, было шэсьцьсот шэсьцьдзясят шэсьць талентаў золата, 
акрамя таго, што прыносілі падарожнікі і купцы. І ўсе валадары Арабскія, і намесьнікі Краю прыносілі золата і срэбра Салямону. 
І зрабіў Салямон дзьвесьце вялікіх шчытоў з кутага золата, шэсьцьсот сыкляў золата ішло на адзін шчыт, 
і трыста шчытоў малых з кутага золата, трыста сыкляў золата ішло на адзін шчыт; і паставіў іх валадар у доме з лесу Лібанскага. 
І зрабіў валадар вялікі пасад з косьці слановай, і пацягнуў яго чыстым золатам, 
і шэсьць прыступак да пасаду, і падножжа з золата, прымацаванае да пасаду, і парэнчы паабапал месца сядзеньня, і два ільвы, якія стаяць каля парэнчаў. 
І дванаццаць ільвоў стаяла там на шасьці прыступках з аднаго і другога боку. Не было такога зроблена ў-ва ўсіх іншых валадарствах. 
І ўсе начыньні да піцьця ў валадара Салямона былі з золата, і ўсе начыньні ў доме з лесу Лібанскага былі з золата шчырага; нічога не было са срэбра. Яго ў дні Салямона мелі за нішто, 
бо караблі валадара хадзілі ў Таршыш са слугамі Хурама, і раз на тры гады прыходзілі караблі з Таршышу, і прывозілі золата і срэбра, косьць слановую і малпаў, і паваў. 
І перавышаў валадар Салямон усіх валадароў зямлі багацьцем і мудрасьцю. 
І ўсе валадары зямлі шукалі аблічча Салямона, каб паслухаць мудрасьць ягоную, якую ўлажыў Бог у сэрца ягонае. 
І прыносілі яны кожны дар свой, начыньні срэбныя, і начыньні залатыя, і адзеньне, і зброю, і пахошчы, і коней, і мулаў, адпаведную рэч з году ў год. 
І меў Салямон чатыры тысячы стайняў для коней і калясьніцаў і дванаццаць тысячаў коньнікаў, і памясьціў іх у гарадах калясьнічных і пры валадары ў Ерусаліме. 
І панаваў ён над усімі валадарамі ад ракі аж да зямлі Філістынскай і аж да межаў Эгіпту. 
І зрабіў валадар срэбра ў Ерусаліме як камяні, і кедры зрабіў як сікаморы, якіх мноства ў Шэфэлі. 
І прыводзілі для Салямона коней з Эгіпту і з усіх земляў. 
А рэшта дзеяньняў Салямона, першых і апошніх, вось, яны запісаныя ў дзеях Натана прарока, і ў прароцтве Ахіі з Шыло, і ў відзежах Іддо відушчага пра Ерабаама, сына Навата. 
І валадарыў Салямон у Ерусаліме над усім Ізраілем сорак гадоў. 
І супачыў ён з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў горадзе Давіда, бацькі ягонага. І валадарыў Рэхабаам, сын ягоны, замест яго. 
