﻿2 ЛЕТАПІСАЎ.
6.
Тады сказаў Салямон: «ГОСПАД сказаў, што Ён жыве ў імгле. 
А я пабудаваў Дом на пражываньне Табе і месца знаходжаньня Твайго на вякі». 
І павярнуў валадар аблічча сваё, і дабраславіў усю царкву Ізраіля, а ўся царква стаяла. 
І ён сказаў: «Дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог Ізраіля, Які гаварыў вуснамі Сваімі Давіду, бацьку майму, і выканаў гэта рукамі Сваімі, кажучы: 
“Ад дня, у які Я вывеў народ Мой з зямлі Эгіпецкай, Я ня выбраў гораду з усіх каленаў Ізраіля, каб пабудаваць дом, у якім было б імя Маё, і ня выбраў чалавека, які быў бы начальнікам народу Майго, Ізраіля, 
але Я выбраў Ерусалім, каб там было імя Маё, і выбраў Давіда, каб ён быў над народам Маім, Ізраілем”. 
І было на сэрцы ў Давіда, бацькі майго, пабудаваць Дом для ГОСПАДА, Бога Ізраіля. 
І ГОСПАД сказаў Давіду, бацьку майму: “Тое, што было на сэрцы тваім, каб пабуда­ваць Дом для імя Майго, добра ты зрабіў, што гэта ў сэрцы тваім. 
Толькі ты не пабудуеш Дом, але сын твой, які выйдзе са сьцёгнаў тваіх, ён пабудуе Дом для імя Майго”. 
І споўніў ГОСПАД слова Сваё, якое прамовіў, і я стаў на месца Давіда, бацькі майго, і сеў на пасадзе Ізраіля, як сказаў ГОСПАД, і пабудаваў Дом для імя ГОСПАДА, Бога Ізраіля. 
І я паставіў там Каўчэг, у якім запавет ГОСПАДА, які заключыў Ён з сынамі Ізраіля». 
І стаў ён перад ахвярнікам ГОСПАДА насупраць усёй царквы Ізраіля, і выцягнуў рукі свае, 
бо Салямон зрабіў амбону мядзяную і паставіў яе сярод панадворку; даўжыня ейная пяць локцяў, і шырыня ейная пяць локцяў, і вышыня ейная тры локці. І ён стаў на ёй, і ўпаў на калені свае насупраць усёй царквы, і выцягнуў рукі свае да неба, 
і сказаў: «ГОСПАДЗЕ, Божа Ізраіля! Няма Бога, падобнага да Цябе, ані ў небе, ані на зямлі. Ты захоўваеш запавет і міласэрнасьць да слугаў Тваіх, якія ходзяць перад абліччам Тваім усім сэрцам сваім. 
Ты споўніў слузе Твайму Давіду, бацьку майму, тое, што Ты сказаў яму; што сказаў Ты вуснамі Тваімі, тое ў дзень гэты споўніў рукою Тваёй. 
І цяпер, ГОСПАДЗЕ, Божа Ізраіля, споўні слузе Твайму Давіду, бацьку майму, тое, што Ты сказаў яму, кажучы: “Ня будзе забраны ў цябе муж перад абліччам Маім, які сядзіць на пасадзе Ізраіля, калі толькі сыны твае будуць захоўваць шляхі свае, каб хадзіць паводле закону Майго так, як ты хадзіў перад абліччам Маім”. 
І цяпер, ГОСПАДЗЕ, Божа Ізраіля, няхай будзе зьдзейсьнена слова Тваё, якое Ты сказаў слузе Твайму Давіду. 
Бо, сапраўды, ці Бог будзе жыць з чалавекам на зямлі? Калі неба і нябёсы нябёсаў ня могуць агарнуць Цябе, тым менш можа Дом гэты, які я пабудаваў. 
Але ўзглянь на малітву слугі Твайго і на маленьне ягонае, ГОСПАДЗЕ, Божа мой! Пачуй кліканьне і малітву, якімі слуга Твой моліцца перад абліччам Тваім. 
Няхай будуць вочы Твае адчыненыя на Дом гэты ўдзень і ўначы, на месца, пра якое Ты сказаў, што імя Тваё пакладзеш там, каб чуць малітву, якою слуга Твой будзе маліцца на месцы гэтым. 
І Ты пачуй маленьні слугі Твайго і народу Твайго Ізраіля, якімі яны будуць маліцца на месцы гэтым, пачуй з месца знаходжаньня Твайго, з нябёсаў, пачуй і прабач! 
Калі саграшыць чалавек супраць бліжняга свайго, і будуць вымагаць ад яго прысягі, каб ён прысягнуў, і будзе адбывацца прысяга перад ахвярнікам Тваім у Доме гэтым, 
Ты пачуй з неба, і зрабі, і судзі слугаў Тваіх, зьвяртаючы бязбожнаму, каб прыйшоў шлях ягоны на галаву ягоную, і апраўдваючы праведнага, даючы яму паводле праведнасьці ягонай. 
Калі народ Твой Ізраіль будзе пабіты перад абліччам ворага, бо ён саграшыў перад Табою, і яны навернуцца, і будуць славіць імя Тваё, і будуць маліцца, і будуць прасіць перад абліччам Тваім у Доме гэтым, 
Ты пачуй з неба, і прабач грэх народу Твайго Ізраіля, і вярні іх у зямлю, якую Ты даў ім і бацькам іхнім. 
Калі будзе замкнутае неба і ня будзе дажджу за тое, што яны саграшылі перад Табою, і будуць яны маліцца на месцы гэтым, і будуць славіць імя Тваё, і адвернуцца ад грахоў сваіх, бо Ты пакараў іх, 
Ты пачуй з неба і прабач грэх слугаў тваіх і народу Твайго Ізраіля, навучыўшы іх шляху добраму, па якім яны будуць ісьці, і пашлі дождж на зямлю Тваю, якую Ты даў народу Твайму ў спадчыну. 
Калі будзе голад на зямлі, або будзе пошасьць, або будзе суша, або іржа, саранча або чэрві, або будуць прыгнятаць яго ворагі ягоныя ў зямлі, дзе брамы ягоныя, або будзе якая бяда ці якая хвароба, 
кожную малітву, кожнае маленьне, якое будзе ад нейкага чалавека альбо ад усяго народу Твайго Ізраіля, калі кожны з іх адчуе бяду сваю і гора сваё, і яны выцягнуць далоні свае да Дому гэтага, 
Ты пачуй з неба, з месца знаходжаньня Твайго, і прабач, і дай кожнаму паводле ўсіх шляхоў ягоных, бо Ты ведаеш сэрца ягонае, бо толькі Ты ў сэрцы Тваім ведаеш сэрцы сыноў чалавечых, 
каб яны баяліся Цябе і хадзілі шляхамі Тваімі ўсе дні, у якія жывуць яны на абліччы зямлі, якую Ты даў бацькам нашым. 
І таксама чужынец, які не з народу Твайго Ізраіля, калі ён прыйдзе з зямлі далёкай дзеля імя Твайго вялікага, і рукі Тваёй магутнай, і рамяна Твайго ўзьнятага, і прыйдзе, і будзе маліцца ў Доме гэтым, 
Ты пачуй з неба, з месца знаходжаньня Твайго, і зрабі ўсё, пра што будзе клікаць да Цябе чужынец, каб пазналі ўсе народы зямлі імя Тваё і каб баяліся Цябе, як народ Твой, Ізраіль, каб ведалі, што імя Тваё заклікаецца над Домам гэтым, які я пабудаваў. 
Калі выйдзе народ Твой на вайну супраць ворагаў сваіх шляхам, якім Ты пашлеш яго, і будзе маліцца Табе ў накірунку гораду гэтага, які Ты абраў, і Дому, які я пабудаваў для імя Твайго, 
Ты пачуй з неба малітву іхнюю і маленьне іхняе, і ўчыні суд для іх. 
Калі яны саграшаць перад Табою, бо няма чалавека, які не саграшыў бы, і Ты загневаешся на іх, і аддасі іх ворагам, і яны возьмуць іх у няволю ў зямлю далёкую або блізкую, 
і калі яны схамянуцца ў сэрцы сваім у зямлі, у якую будуць палонены, і навернуцца, і будуць прасіць Цябе ў зямлі няволі сваёй, кажучы: “Мы саграшылі, правініліся і былі бязбожнікамі”, 
і навернуцца да Цябе ўсім сэрцам сваім і ўсёй душою сваёй у зямлі няволі сваёй, у якой яны палонены, і будуць маліцца ў накірунку зямлі сваёй, якую Ты даў бацькам іхнім, і гораду гэтага, які Ты абраў, і Дому, які я пабудаваў для імя Твайго, 
Ты пачуй з неба, з месца знаходжаньня Твайго, малітву іхнюю і маленьне іхняе, і ўчыні суд для іх, і прабач народу Твайму, які саграшыў перад Табою. 
Цяпер, Божа мой, няхай будуць вочы Твае адчыненыя і вушы Твае ўважлівыя да малітвы на месцы гэтым. 
І цяпер, ГОСПАДЗЕ Божа, стань на месца супачынку Твайго, Ты і Каўчэг моцы Тваёй. Сьвятары Твае, ГОСПАДЗЕ Божа, няхай апрануцца ў збаўленьне, і сьвятыя Твае няхай радуюцца добраму. 
ГОСПАДЗЕ Божа! Не адвярні аблічча ад памазанца Твайго, узгадай пра міласэрнасьць для Давіда, слугі Твайго». 
